Беларуская Служба

МАЗ губляе месца на расійскім рынку

15.05.2026 11:34
У красавіку 2026 года завод прадаў у РФ на чвэрць менш новых аўтобусаў, чым летась.
Ілюстрацыйнае фотаImage by REDioACTIVE from Pixabay/СС)

Сёлета ў красавіку на расійскім рынку было прададзена 26 новых аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода — на 25,7% менш, чым у тым жа месяцы 2025-га (35), сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз даных агенцтва «АСМ-холдынг» (РФ).

Больш за ўсё аўтобусаў у мінулым месяцы паставілі ПАЗ (279; — 28,8%), НефАЗ (232; рост у 3,4 раза), YUTONG (103; +17%).

За чатыры месяцы беларускае прадпрыемства рэалізавала ў Расіі 178 адзінак гэтай тэхнікі (74; рост у 2,4 раза).

За 2025 год на рынак РФ паступіла 499 аўтобусаў МАЗ (у 2024-м — 504; -1%).

Буйныя прамысловыя прадпрыемствы — БелАЗ, БМЗ, МТЗ, МАЗ, а таксама канцэрны «Белнафтахім» і «Беллеспаперапрам» — не выканалі заданні па пастаўках прадукцыі ў Расію. Пра гэта ішла гаворка 10 верасня 2025 года на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па ажыццяўленні маніторынгу сітуацыі з пастаўкамі ў РФ.

Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца падчас працы ў Расіі. Прычынай таму называюцца санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа дэмакратычнымі краінамі, якія пазбавілі яго часткі якасных камплектуючых.

Апошні падобны выпадак адбыўся 24 сакавіка ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Перад гэтым былі два выпадкі ў Чэбаксарах 19 лютага і 22 студзеня. Да таго аўтобусы МАЗ гарэлі ў Самары 9 кастрычніка 2025 года, 5 ліпеня — у Іркуцку, 14 траўня — у Варонежскай вобласці, 5 красавіка — у Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.

Крыніца: Позірк/юл