Нядзельны рэйс з маскоўскага аэрапорта «Унукава» ў Гомель не сеў у горадзе на Сожы: самалёт Embraer кампаніі «Белавія» не змог здзейсніць пасадку ў гомельскім аэрапорце — па раскладзе гэта павінна было адбыцца ў 16:20. Даляцеўшы да Беларусі, ён пачаў кружыць у Магілёўскай вобласці ў раёне Слаўгарада, знаходзіўся там каля 35 хвілін і ў выніку быў накіраваны ў Мінск. Пра гэта паведамляе «Флагшток».
На раніцу 18 мая ні «Белавія», ні «Белаэранавігацыя», філіялам якога з'яўляецца гомельскі аэрапорт, так і не патлумачылі прычыны інцыдэнту.
Паводле інфармацыі крыніцы, самалёт не змог сесці ў Гомелі з-за дронавай небяспекі. Гэта пацвердзілі і пасажыры рэйса. Адзін з іх напісаў у Threads: «Была атака дронаў, як нам растлумачылі».
Іншыя карыстальнікі паведамілі, што ў той час над Гомелем пралятаў вайсковы самалёт.
Інцыдэнт з рэйсам «Белавія» адбыўся якраз у пачатку чарговай дронавай атакі Расіі на Украіну. Першыя расійскія БПЛА зʼявіліся над Чарнігаўскай вобласцю, якая мяжуе з Гомельшчынай, а 15:50 у нядзелю.
Неўзабаве маніторынгавыя каналы паведамілі ўжо пра чатыры групы расійскіх беспілотнікаў у Чарнігаўскай вобласці. Аднак парушэнні дронамі паветранай прасторы Беларусі не былі зафіксаваныя маніторшчыкамі.
Пра ўкраінскія дронавыя атакі ў той дзень не паведамлялі ні расійскія, ні ўкраінскія крыніцы.
Як пасажыраў самалёта дастаўлялі з Мінска ў Гомель, перавозчык таксама пакуль не інфармаваў і публічна не прыносіў прабачэнні за нязручнасці.
Але ў сацсетках пасажыры расказалі, што іх адправілі ў Гомель на аўтобусе пасля трохгадзіннага чакання ў Мінску.
вс