Беларуская Служба

Літва перадала ў ICAO дадатковыя доказы па інцыдэнтах з шарамі з Беларусі

18.05.2026 15:41
Літоўскі бок лічыць масавы запуск паветраных шароў гібрыднай атакай з боку афіцыйнага Мінска. 
 .
Віленскі аэрапорт.Крыніца: commons.wikimedia.org/Pofka/CC BY-SA 4.0

Літва перадала Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) дадатковыя матэрыялы з доказамі інцыдэнтаў, выкліканых паветранымі шарамі з кантрабандай, якія ляцяць з Беларусі ў Літву. Пра гэта паведамляе LRT са спасылкай на Міністэрства транспарту і камунікацый Літвы, інфармуе «Еўрарадыё».

Намеснік міністра Радэрыкас Жобакас паведаміў, што Літва звярнулася ў ICAO і Еўракамісію яшчэ ў кастрычніку 2025 года – адразу пасля пачатку інтэнсіўнай гібрыднай атакі.

– Цяпер мы робім яшчэ адзін крок – падаем дадатковыя доказы незаконных дзеянняў Беларусі супраць Літвы, якія ствараюць пагрозу бяспецы грамадзянскай авіяцыі, – удакладніў чыноўнік.

Паводле яго, з кастрычніка 2025-га па цяперашні час Віленскаму аэрапорту мінімум 20 разоў даводзілася прыпыняць працу з-за парушэнняў паветранай прасторы аэрастатамі кантрабандыстаў.

Толькі летась паветраныя шары парушылі працу больш за 300 рэйсаў у Віленскім аэрапорце, закранулі 47 тыс. пасажыраў і прывялі амаль да 60 гадзін закрыцця аэрапортаў.

Літоўскі бок лічыць масавы запуск паветраных шароў гібрыднай атакай з боку афіцыйнага Мінска. Летась у кастрычніку Літва нават цалкам закрывала мяжу з Беларуссю.

вс