Дзесяцікляснікі Заводскага раёну Мінску праходзяць абавязковыя навучальна-палявыя зборы на базе вайсковай часткі № 31802 – апошнія некалькі гадоў у гэтай частцы ў час летніх канікул працаваў вайскова-патрыятычны лагер, - паведамляе Свабода.
Адміністрацыя Заводскага раёну Мінску паказала ўрачыстае адкрыццё палявых збораў для школьнікаў.
Як вынікае з апублікаванага запісу, ва ўрачыстым адкрыцці збораў удзельнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва раёну і ўласна вайсковай часткі.
На пляцы перад школьнікамі выступіў вайсковы аркестр і танцавальны калектыў. Сярод удзельнікаў збору былі толькі хлопцы, іх апранулі ў аднолькавыя курткі, майкі і кепкі. У палявых зборах возьмуць удзел 100 юнакоў.
На цырымонію адкрыцця запрасілі і бацькоў, але, як выглядае, іх было няшмат.
Вайсковая частка № 31802 (другая інжынерная брыгада Ўзброеных сіл Беларусі) дыслакуецца ў Мінску. У кампетэнцыю вайскоўцаў гэтай часткі ўваходзіць ачышчэнне мясцовасці ад выбуханебяспечных прадметаў і боепрыпасаў. На яе базе праводзяць шэраг мерапрыемстваў для дапрызыўнай моладзі.
У Беларусі навучальна-палявыя зборы, якія сёлета праходзяць у апошні тыдзень траўня і першы тыдзень чэрвеня ва ўсіх рэгіёнах краіны, сталі абавязковымі для вучняў 10 класаў.
Іх працягласць складзе 10 дзён, і школьнікі не могуць адмовіцца ад іх праходжання, паколькі яны з'яўляюцца часткай адукацыйнага працэсу.
«Без адзнакі, атрыманай па выніках навучальна-палявых збораў, дзіця не будзе атэставана ў навучальным прадмеце "дапрызыўная і медычная падрыхтоўка" за навучальны год», – паведаміла ў эфіры тэлеканалу СТВ намесніца камітэту па адукацыі Мінгарвыканкаму Вольга Смірнова.
Паводле яе, у выніку гэта можа быць падставай для таго, каб не пераводзіць вучня ў наступны выпускны клас.
Зборы будуць фінансаваць мясцовыя ўлады, у тым ліку і раённыя ўправы адукацыі.
яс