На авіябазу Эндрус каля Вашынгтона прыбыў новы самалёт для прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Гаворка ідзе пра мадыфікаваны Boeing 747, які Катар падарыў амерыканскаму ўраду. Кошт паветранага судна ацэньваецца прыкладна ў 400 млн долараў, што робіць яго адным з самых дарагіх падарункаў, калі-небудзь атрыманых Злучанымі Штатамі ад замежнай дзяржавы.
— Гэта ўнікальны самалёт. Калі яго будавалі, ён лічыўся самым раскошным у свеце. У ім быў дасягнуты такі ўзровень, які, верагодна, мы ўжо ніколі больш не ўбачым, — заявіў амерыканскі прэзідэнт.
Самалёт атрымаў нумар VC-25B Bridge і цяпер праходзіць серыю выпрабавальных палётаў. Пасля іх завяршэння машына афіцыйна пачне абслугоўваць прэзідэнта ЗША.
Паводле амерыканскіх уладаў, самалёт будзе выкарыстоўвацца як часовае рашэнне да пастаўкі новых прэзідэнцкіх лайнераў Air Force One, якія будуе кампанія Boeing. Трамп таксама падзякаваў эміру Катара за падарунак і міністру абароны Піту Хэгсету за арганізацыю пераабсталявання самалёта для патрэб кіраўніка дзяржавы.
У будучыні паветранае судна плануюць перадаць прэзідэнцкай бібліятэцы Дональда Трампа.
iar/эж