Беларуская Служба

Журфак БДУ зноў застаўся без дэкана

28.05.2026 14:30
Афіцыйна аб сыходзе Аляксея Бяляева з пасады не паведамлялася.
Беларускі Дзяржаўны УніверсітэтФото: Tochka.by

На факультэце журналістыкі БДУ ўжо прынамсі тыдзень няма дэкана. Раней гэтую пасаду займаў кандыдат гістарычных навук Аляксей Бяляеў. Аб сыходзе Бяляева няма паведамленняў, аднак яго прозвішча прыбралі з сайта журфака і агульнага сайта БДУ. На месцы пасады дэкана імя там няма.

Як паведамляе сайт tochka.by, былы дэкан цяпер часты госць на перадачах дзяржаўных СМІ. Так, у ток-шоу «Будні» ад «СБТВ» і «Альфа Радыё» Бяляева зараз прадстаўляюць толькі як палітолага і кандыдата гістарычных навук.

Невядома, калі дакладна і з якой прычыны Бяляеў пакінуў пасаду. Апошняя навіна, дзе ён названы дэканам, на сайце журфака БДУ з'явілася ў сярэдзіне траўня 2026 года.

Аляксей Бяляеў стаў дэканам у лютым 2023 года, пасля таго як факультэт амаль пяць месяцаў не меў кіраўніка пасля сыходу Вольгі Самусевіч.

Хто такі Аляксей Бяляеў?

Да таго, як Аляксея Бяляева прызначылі дэканам факультэта журналістыкі, ён працаваў на пасадзе загадчыка кафедры паліталогіі БДЭУ (Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта) і актыўна даваў інтэрвʼю журналістам, удзельнічаў у праграмах СТВ, АНТ, агенцтва «Мінск-Навіны» і «Белтэлерадыёкампаніі».

Паводле звестак БДЭУ, у 1996 годзе Бяляеў скончыў філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура і гісторыя». Паспеў папрацаваць у школе настаўнікам гісторыі і адслужыць ва ўзброеных сілах. Скончыў аспірантуру гістарычнага факультэта БДУ.

Папрацаваў і ў тэхнічнай ВНУ краіны: быў дацэнтам на кафедрах «Гісторыя, сусветная і айчынная культура», а потым на кафедры «Паліталогія, сацыялогія і сацыяльнае кіраванне».

У БДЭУ Аляксей Бяляеў перайшоў у 2018 годзе, прыйшоў на пасаду дацэнта кафедры паліталогіі. Праз тры гады, у 2021-м, стаў дырэктарам Інстытута магістарскай падрыхтоўкі БДЭУ. Напісаў больш за 60 навуковых і навучальна-метадычных публікацый.

аз