Спявак Аляксей Хлястоў, які быў затрыманы 21 мая, выйшаў на свабоду. Па сённяшні дзень невядома, за што ён быў затрыманы сілавікамі.
«Майго мужа затрымалі без тлумачэнняў. Ён не парушаў нічога», – напісала тады ў сацсетках яго жонка Алена.
Пазней стала вядома, што Хлястоў утрымліваўся ў ізалятары па вуліцы Акрэсціна.
Алена Хлястова сёння апублікавала відэа, на якім яна разам з мужам едзе ў машыне дамоў, а на фоне гучыць песня самога Хлястова.
Аляксей Хлястоў шмат гадоў выступаў на дзяржаўных мерапрыемствах і рэспубліканскіх святах. Потым яго ўнеслі ў «чорны спіс» музыкантаў і гуртоў, чые песні ўлады забараняюць спяваць у караоке ці ўключаць на дыскатэках і іншых мерапрыемствах.
Нейкі час ён чакаў, «што нешта памяняецца», пакуль не скончылася фінансавая падушка сям'і. У 2025 годзе артыст прыняў рашэнне ісці працаваць у таксі. Ягоны сын таксама працуе ў таксі, а жонка робіць тарты.