Беларуская Служба

Снапкоў прадставіў Беларусь перспектыўнай для інвестыцый краінай паміж ЕС і ЕАЭС, не згадаўшы пра санкцыі

07.06.2026 09:36
Еўрапейскія санкцыі наўпрост забараняюць набываць асобныя віды прадукцыі беларускага паходжання.
 -   .
Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Мікалай Снапкоў. CGTN/стоп-кадр «Позірк»

«Геаграфію, пераўтвораную ў эканоміку», назваў галоўнай для інвестараў канкурэнтнай перавагай Беларусі першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў 6 чэрвеня ў Мінску на Беларуска-Кітайскім форуме прамысловай і інвестыцыйнай супрацы. Пра гэта паведамляе «Позірк».

— Беларусь месціцца на стыку Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза  у эпіцэнтры вялізнага рынку, дзе ў радыусе 2 тыс. кіламетраў ад Мінска ствараецца больш за чвэрць сусветнага ВУП,  заявіў ён (на падставе відэазапісу ў Тэлеграм-канале ўрада). — Любы тавар, выраблены ў Беларусі, атрымлівае свабодны доступ на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза  гэта звыш 180 мільёнаў спажыўцоў у пяці краінах. Інвестуючы ў нас, вы атрымліваеце вытворчую базу не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўразіі.

Паводле слоў Снапкова, Беларусь з'яўляецца краінай з «індустрыяльнай і адначасова інавацыйнай эканомікай».

 Чвэрць ВУП фармуе прамысловасць. Прычым гэта не толькі класічнае машынабудаванне, хімія і дрэваапрацоўка, але і хуткарослыя сектары: электроніка, фармацэўтыка, біятэхналогіі, разумная тэхніка, оптыка. Інвестар прыходзіць туды, дзе ёсць людзі, рэсурсы і прадказальныя правілы гульні. У Беларусі моцная інжынерная школа, каля 50 універсітэтаў, кампетэнцыі ў механіцы, праграмаванні, мікраэлектроніцы і робататэхніцы,  адзначыў першы віцэ-прэм’ер.

У сваёй прамове, у прыватнасці, у апублікаваным прэс-службай Савета міністраў фрагменце, Снапкоў не згадаў, што ў дачыненні да Беларусі дзейнічаюць заходнія санкцыі. Наяўнасць абмежавальных мер робіць спрэчным яго сцвярджэнне пра тое, што ў Беларусі інвестары могуць атрымаць «вытворчую базу (…) для ўсёй Еўразіі», бо Еўрасаюз, які ўвёў мноства санкцый, знаходзіцца менавіта на гэтым мацерыку.

Сярод іншага еўрапейскія санкцыі наўпрост забараняюць набываць асобныя віды прадукцыі беларускага паходжання, у тым ліку тавары дрэваапрацоўчай прамысловасці і некаторых сегментаў хімічнай галіны  сектараў, якія чыноўнік назваў у ліку складнікаў эканомікі Беларусі.

вс