Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Юры Грыбоўскі: Верасень 1939 назаўсёды змяніў жыццё многіх беларусаў

15.09.2026 14:11
 Доўгія гады людзі не ведалі пра тое, што сталася з іх сваякамі. Некаторым удалося даведацца пра сваіх блізкіх толькі праз шмат гадоў, дзякуючы працы гісторыка Юрыя Грыбоўскага.
Аўдыё
  • Юры Грыбоўскі пра верасень 1939 года
    , -
Помнік ахвярам Другой Сусветнай вайны, Могілкі-маўзалей у ПальмірыPAP/Albert Zawada

Верасень — гэта адзін з важных момантаў у гісторыі Беларусі ды Польшчы. У гэтым месяцы ў 1939 годзе пачалася Другая сусветная вайна, і ў гэты ж месяц, 17-га верасня, Савецкі Саюз напаў на Польшчу ў рамках сакрэтных дамоўленасцяў Сталіна з Гітлерам. Для многіх беларусаў гэта быў момант, які назаўсёды змяніў іх жыццё, лёсы сем'яў. Доўгія гады людзі не ведалі пра тое, што сталася з іх сваякамі. Некаторым удалося даведацца пра сваіх блізкіх толькі праз шмат гадоў, дзякуючы працы гісторыка Юрыя Грыбоўскага.

Доўгія гады Юры Грыбоўскі займаецца вывучэннем гісторыі беларусаў, якія ваявалі ў польскім войску. Яго праца мае не толькі дакументальнае значэнне, але і чалавечае вымярэнне. Дзякуючы яго даследаванням людзі знаходзілі сваіх блізкіх, даведваліся пра іх лёс.

— Я займаюся гэтай тэмай удзелу беларусаў у Польскім Войску ўжо бадай што 30 гадоў. На працягу 30 гадоў, асабліва на пачатку, калі толькі пачынаў займацца гэтым, тады яшчэ жылі ўдзельнікі, нават не тое, што дзеці ці ўнукі, нашчадкі, але жылі самі ўдзельнікі. І калі я пісаў кнігу, калі я ўжо працаваў над зместам, тады я выкарыстоўваў не толькі архіўныя крыніцы, але таксама ў значный ступені карыстаўся і ўспамінамі людзей, якія мне распавядалі пра перажытае, пра мінулае. Таму мне яшчэ пашчасціла нават размаўляць з удзельнікамі. Час, на жаль, робіць сваё, гэтых людзей ужо, калі і ёсць, то вельмі-вельмі мала засталося, а мабыць жменька, на той час іх было яшчэ даволі шмат, дастаткова шмат, каб можна было іх апытаць, паразмаўляць і на падставе іх аповедаў рабіць высновы. А што тычыцца сваякоў, нашчадкаў, то безумоўна, увесь час, даводзіцца адказваць на тэлефанаванні, на лісты, ці сустракацца з імі.

Сустрэчы з жывымі людзьмі, а не толькі з дакументамі — гэта прыемны бок працы гісторыка?

— Вельмі прыемны, таму што гісторыя ў нас, звычайна атаясамліваецца з нейкім сядзеннем у архіве, карыстаннем старажытнымі крыніцамі, дзе за літарамі не бачна чалавека, за гэтай пажоўклай паперай. У маім выпадку было зусім інакш, я бачыў безумоўна і паперу, але перад усім мог дакрануцца, мог паціснуць руку героям сваёй працы. Я ім вельмі ўдзячны за тое, што яны ў свой час рабілі ўсё магчымае, каб мне дапамагаць. І цяпер у мяне таксама ёсць абавязак перад імі, каб расказваць пра іх, пра іх лёс, пра іх жыццё свету, грамадству, пра тое, каб памяць пра гэтых людзей захавалася, таму, што яны змагаліся за шляхетныя ідэалы і выканалі свой і жаўнерскі, і грамадзянскі абавязак. Таму ўвесь час даводзіцца мець дачыненне з людзьмі, і мяне вельмі цешыць тое, што, напрыклад, некаторыя людзі з маёй кнігі даведаліся пра лёс сваіх сваякоў. Хтосьці быў перакананы, што дзядуля дзесьці паехаў і недзе там жыў сабе ў іншай часты свету пасля вайны, а потым раптам ён даведаўся, што дзед не пісаў, не кантактаваў з сямʼёю па іншых прычынах, таму што ён загінуў і пахаваны, і нават вядома месца ягонага пахавання. І такія выпадкі былі ў маім жыцці. З уласнага досведу магу прывесці некалькі прыкладаў, таму мне вельмі прыемна, што была практычная карысць для людзей, бо гісторыя — гэта людзі, а тыя падзеі, пра які мы распавядаем, — гэта вельмі гераічная, і адначасова трагічная гісторыя, пра якую трэба ведаць, памятаць і шанаваць.

Цяпер у Польшчы шмат беларусаў, ці вы маглі б назваць месцы, помнікі, дзе можна пайсці, каб ушанаваць памяць беларусаў, якія палеглі тут, баронячы Польшчу?

— Традыцыйна памятныя ўрачыстасці адбываюцца ў Польшчы ў розных месцах, асабліва на поўнач краіны, на тым ж Вестэрплятэ. Вядомыя прозвішчы асобаў, беларусаў альбо людзей, які паходзілі з Беларусі, якія баранілі Вестэрплятэ. Таксама ёсць шэраг таіх мясцін на тэрыторыі Беларусі, ці на тэрыторыі Украіны, дзе можна згадаць гераічную абарону Львова, абарону Берасцейскай крэпасці ў 39-м годзе, безумоўна абарону польскай сталіцы — Варшавы.

Калі прыязджаеце на Вестэрплятэ, і бачыце там прозвішчы беларусаў на помніку сярод загінулых, пра што вы думаеце?

— Тое самае, мабыць, што адчуваў, калі наведваў іншыя месцы пахавання, іншыя вайсковыя польскія некропалі, напрыклад, Монте-Касіна. Гэта іншая частка свету, але гэта ж тая самая сусветная вайна, і гэта таксама вядомая падзея, бітва за Монте-Касіна ў траўні 1944-года. Там таксама на мясцовых могілках пахаваныя польскія жаўнеры, і сярод тых польскіх жаўнераў можна знайсці і беларусаў. Такое ж уражанне ў мяне было, калі я наведваў месцы звязаныя з кампаніяй і вайной 1939-го хода. Там бачна, што за кожным лёсам чалавека, які загінуў, ці патрапіў у палон, нямецкі альбо савецкі, стаіць асобная гісторыя, і фактычна, я лавіў сябе на думцы, як даследчык, што шкада, што няма ніякага мастацкага твору, мастацкага фільму, які можна было б зняць на падставе лёсаў амаль кожнага з удзельнікаў гэтай кампаніі.

Ці вы можаце згадаць канкрэтных беларусаў, якія былі ў польскай арміі, гісторыя якіх вам найбольш запала ў памяць?

— Я згадаю найбольш вядомых беларусаў, як напрыклад, Пётра Сергіевіч — вядомы мастак, Міхась Васілёк, на той час даволі вядомы заходнебеларускі паэт, альбо Янка Брыль. Янка Брыль, пісьменнік, які пазней, дарэчы, і ўспаміны свае пакінуў на гэты конт, ён у верасні 1939-а года быў жаўнерам батальёну марскіх стральцоў. Гэта была элітарная адзінка, гэта была марская пяхота, якая якраз абараняла паўночнае ўзбярэжжа Польшчы, абараняла Гэльскі паўвостраў. Мне даводзілася з ім размаўляць яшчэ, і ён таксама ахвотна дзяліўся са мною сваімі ўспамінамі, і ён казаў, што ён не быў адзіным у сваім батальёне беларусам, якіх лёс закінуў у тую частку краіны. Калі паглядзець нават на вядомых заходнебеларускіх палітыкаў, беларускіх грамадскіх актывістаў, культурніцкіх дзеячаў, — у большасці з іх ёсць старонка ўдзелу ў вераснёўскай кампаніі 1939-а года.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч