Беларуская Служба

Даю Лукашэнку тыдзень — Зяленскі

19.06.2026 19:47
  ,
Памеранскі шпіц Умка, Лукашэнка і яго генералы скрыншот/Пул першага

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў беларускага самаабвешчанага лідара Аляксандра Лукашэнкі ёсць тыдзень, каб зняць рэтранслятары, якія карэктуюць удары расійскіх дронаў па ўкраінскіх гарадах, ці гэта зробіць Украіна. Пра гэта піша «Украінская праўда».

— Калі спадар Лукашэнка кажа, што ён не хоча быць уцягнутым у вайну, ён павінен быць сумленным, прынамсі перад сваім народам, таму што не ён можа быць уцягнуты ў вайну — у яе можа быць уцягнутая ўся яго краіна, уцягнутая Расіяй: яны з першых дзён гэтай вайны забівалі дзяцей і дарослых — ракеты ляцелі. І тады ён таксама тэлефанаваў і прасіў прабачэння, і казаў: «Я гэтага не кантраляваў, Расія дзейнічала на сваёй тэрыторыі». І, безумоўна, я ў гэта не веру, але ён пра гэта ўжо казаў.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што РФ будзе працягваць падштурхоўваць Лукашэнку да гэтай вайны, і той зараз «разумее, што Украіна будзе адказваць».

— Не трэба лішніх слоў. У яго сёння на яго вышках ёсць рэтранслятары — расійскія рэтранслятары, беларускія. Якая нам розніца? На яго тэрыторыі ўздоўж дзвюх абласцей, якія мяжуюць з Украінай, знаходзіцца тэхніка, якая карэктуе агонь па ўкраінскім насельніцтве, менавіта па насельніцтве.

Там у нас зараз няма такога моцнага фронту, дзе мяжуюць Украіна і Беларусь. Там забіваюць мірных жыхароў. Там рэтранслятары на адпаведных вышках. Ён можа гэта прыбраць? Навошта словы аб тым, што ён не жадае ўдзельнічаць у вайне? Няхай прыбярэ гэтую тэхніку, няхай адключыць гэтую тэхніку.

Я думаю, што яму тыдня будзе дастаткова, каб гэта зрабіць. Чаму я кажу: «Тыдзень»? Таму што зараз кожны дзень з-за гэтага гінуць нашы мірныя жыхары, дзеці атрымліваюць раненні. Калі ён гэтага не зробіць, зробім мы.

Таксама Зяленскі дадаў, што Лукашэнка можа спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў, якія выкарыстоўваюцца расійскімі акупантамі ў вайне супраць Украіны.

— Гэтак жа, як і яго, напрыклад, нафтаперапрацоўчая прамысловасць. Мы робім усё, каб у расіян не было магчымасці прадаваць нафту і пастаўляць адпаведны дызель і нафту сваёй арміі. Таму што ўсё гэта траціцца супраць нас.

Ён сёння галоўны пастаўшчык ці адзін з галоўных пастаўшчыкоў для расійскага войска. Менавіта Лукашэнка, менавіта Беларусь. Ці можна гэта спыніць? Я ўпэўнены, што гэта ў яго сілах. І менавіта ён гэта кантралюе.

Раней Зяленскі паведаміў, што Расія працягвае спробы ўцягнуць Беларусь у вайну, у прыватнасці, верагодна, з мэтай правядзення аперацыі супраць адной з краін НАТА.

Раней Лукашэнка заявіў, што не варта чакаць ваенных дзеянняў з боку Беларусі, і папрасіў прабачэння ва Уладзіміра Зяленскага за рэзкія словы.

вс