22 чэрвеня свой макрапрагноз росту валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Беларусі апублікаваў Еўразійскі банк развіцця, паведамляе «Свабода».
Паводле аналітыкаў банка, за студзень–травень 2026 года ВУП Беларусі вырас на 0,9% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. У выніку банк прагназуе сёлетні прырост ВУП Беларусі на 1,3%.
У банку лічаць гэта добрым прагнозам, бо ў Беларусі ў траўні павялічыліся інвестыцыі ў будаўніцтва, а дробны тавараабарот вырас на 0,9% у параўнанні са студзенем–красавіком бягучага года.
У студзені–красавіку 2026 года прырост ВУП быў зусім слабы – на 0,2%. Але ж дасягненнем такі прырост ВУП па выніках года на назваць цяжка, бо Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў яго прырост на 2026 год на ўзроўні 2,8%. Еўразійскі банк развіцця прагназуе прырост больш чым удвая ніжэйшы ад запланаванага.
Аналітыкі МВФ чакаюць сёлета прыросту ВУП Беларусі на 1,2%.
Рост ВУП гарантуе насельніцтву працоўныя месцы, павелічэнне заробкаў, сацыяльных выдаткаў дзяржавы, то бок выкананне абяцанняў «падвышэння дабрабыту» і «росту даходаў», якія дае ўрад кожны год, фармуючы асноўныя прагнозныя паказнікі.
Рост даходаў беларусаў, падобна, спыніўся. Калі ў чацвёртым квартале мінулага года сярэдні заробак склаў 2859,6 рубля, то ў першым квартале сёлетняга – 2826,8 рубля.
У беларускай эканоміцы застаюцца праблемы, у тым ліку спад вытворчасці ў апрацоўчай прамысловасці, рост пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, падзенне прадукцыйнасці працы, інвестыцыяў і аптовага тавараабароту.
Нестабільны рост ВУП ці рэцэсія азначаюць для беларусаў у будучыні скарачэнне працоўных месцаў, зніжэнне даходаў, банкруцтвы – найперш малога і сярэдняга бізнесу.
аз