Беларуская Служба

Спецслужбы спрабуюць шантажаваць актывістаў беларускай дыяспары

23.06.2026 11:36
Невядомыя пагражаюць перадаць гэтыя звесткі журналістам, тэлеграм-каналам і «іншым зацікаўленым асобам», калі жанчына працягне сваю дзейнасць.
Супрацоўнікі КДБілюстрацыйны здымак з адкрытых крыніц

Актывістка беларускай дыяспары ў Чэхіі, дэлегатка Каардынацыйнай Рады ад кааліцыі «Латушка і Рух «За Свабоду»» Рыта Гаціх атрымала ліст са спробай шантажу ад невядомых, заўважыла «Вясна», на што звярнуў увагу «Белсат».

У паведамленні гаворыцца, што адпраўнік нібыта ведае акалічнасці асабістага жыцця жанчыны, якія яна не хоча раскрываць. Невядомыя пагражаюць перадаць гэтыя звесткі журналістам, тэлеграм-каналам і «іншым зацікаўленым асобам», калі Рыта Гаціх працягне сваю дзейнасць.

— Учора на электронную пошту мне прыйшоў ліст не ад абы каго, а ад самога Кастуся Каліноўскага. Чакаем новага выдання «Лістоў з-пад шыбеніцы». Спадзяюся, што хоць фотачкі ў іх прыгожыя, — піша Рыта Гаціх у Facebook.

Адрас адправіцеля: AnonimBel1861@proton.me. Праваабаронцы мяркуюць, што гэта беларускія спецслужбы.

На членаў Каардынацыйнай Рады ў Беларусі заведзеныя крымінальныя справы. Да таго ж яны сутыкаюцца з іншымі формамі ціску. Напрыклад, нехта распаўсюджвае ў Польшчы аб’явы, у якіх гаворыцца, што дэлегатка КР, кіраўніца фонду «Прытуляй мяне», дырэктарка шэлтару для беларускіх палітвязняў Ганна Федаронак нібыта памерла і цяпер ідзе збор сродкаў на ейнае пахаванне.

яс