Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга ў сераду звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам быць «пільнымі» ў сувязі з мабілізацыйнымі вучэннямі ў Беларусі.
Ён растлумачыў, што з 20 чэрвеня па 2 ліпеня камандаванне вайсковага набору Ашмянскага раёна на мяжы з Літвой прызывае прыблізна 2 тысячы прызыўнікоў і арганізуе папярэднія пункты збору.
— Нягледзячы на тое, што гэтыя дзеянні афіцыйна падаюцца як звычайная праверка дадзеных, на самой справе яны ўяўляюць сабой метад запалохвання суседніх краін, — папярэдзіў ён.
Паводле слоў украінскага міністра замежных спраў, улады Беларусі не маюць намеру зніжаць напружанасць, а Мінск павялічвае сваю ваенную прысутнасць каля межаў Украіны і краін НАТА.
— Гэтая стратэгія адпавядае інтарэсам Крамля і заснавана на палітычным шантажы, што супярэчыць публічным заявам кіраўніцтва Беларусі адносна міру, — падкрэсліў міністр. — Украіна працягвае ўважліва сачыць за дзеяннямі Беларусі і ў чарговы раз папярэджвае Мінск аб далейшым удзеле ў расійскай агрэсіі і заклікае міжнародную супольнасць павялічыць ціск на рэжым Лукашэнкі, — дадаў Сыбіга.
У панядзелак камандуючы Нацыянальнай гвардыі Украіны генерал-маёр Аляксандр Піўненка заявіў, што пагроза ваенных аперацый з тэрыторыі Беларусі будзе рэальнай, калі Расія знойдзе 70 тысяч дадатковых вайскоўцаў.
— Галоўная задача праціўніка — расцягнуць нашы сілы для прасоўвання ў глыб тэрыторыі. Але для гэтага таксама патрэбныя сілы. Няхай яны паспрабуюць знайсці 70 тысяч вайскоўцаў, здольных да дзеянняў. І мы зробім усё, каб яны іх не знайшлі, — сказаў Піўненка ў інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс-Украіна».
У траўні галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны генерал Аляксандр Сырскі пацвердзіў, што пагроза расійскіх наступальных аперацый з тэрыторыі Беларусі цалкам рэальная.
19 чэрвеня Уладзімір Зяленскі заявіў, што на тэрыторыі Беларусі працуюць рэтранслятары, якія выкарыстоўваюцца для кіравання расійскімі беспілотнікамі. Зяленскі даў Лукашэнку тыдзень на іх дэмантаж, пагражаючы, што ў іншым выпадку гэта зробіць сама Украіна.
РАР/ав