Пра ўдзел Святланы Ціханоўскай у міжнароднай канферэнцыі па аднаўленні Украіны ў польскім Гданьску і яе сустрэчы з шэрагам міжнародных партнёраў паведаміла 25 чэрвеня прэс-служба беларускага дэмакратычнага лідара.
Асобна згадваецца сустрэча з гістарычным лідарам польскай «Салідарнасці», былым прэзідэнтам Польшчы і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Лехам Валэнсам, паведамляе «Позірк».
Ціханоўская падзякавала Валэнсу за шматгадовую падтрымку беларусаў і адзначыла, што досвед «Салідарнасці» застаецца крыніцай натхнення для беларускага дэмакратычнага руху.
— Беларусы сёння, як і палякі некалі, шукаюць мірны выхад з крызісу і шлях да сістэмных перамен. Ваш досвед паказвае, што нават самыя моцныя дыктатуры не вечныя, — адзначыла палітык.
Паведамляецца, што асобную ўвагу бакі надалі магчымым сцэнарыям мірнага пераходу да дэмакратыі ў Беларусі, а таксама важнасці адзінства грамадзянскай супольнасці і міжнароднай падтрымкі.
Прэс-служба Ціханоўскай адзначыла, што Валэнса выказаў салідарнасць з беларусамі, якія працягваюць барацьбу за свабоду, і заклікаў ні пры якіх абставінах не здавацца.
Як паведамляецца, ён таксама згадаў, што ў часы свайго прэзідэнцтва (1990–1995 гады) марыў, каб Польшча, Беларусь і Украіна адначасова сталі членамі Еўрасаюза. Ціханоўская ў сваю чаргу падкрэсліла, што гэтая мара часткова застаецца актуальнай і сёння.
— Мы хочам вярнуць Беларусь у еўрапейскую сям’ю народаў і зрабіць яе добрым суседам Польшчы, Украіны і ўсёй Еўропы, — сказала Ціханоўская.
Заяўлена, што на палях канферэнцыі Ціханоўская паразмаўляла са старшынёй Еўрапейскай рады Антоніу Коштам, кіраўніцай Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен, федэральным канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам, прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, міністрамі замежных спраў Дэвідам Лэмі (Вялікабрытанія), Радаславам Сікорскім (Польшча), Маргусам Цакхнам (Эстонія), выканаўцам абавязкаў намесніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях замежнай дапамогі, гуманітарных спраў і рэлігійнай свабоды Джэрэмі Левінам.
Як адзначана, у цэнтры размоў былі пытанні бяспекі, падтрымкі Украіны, ролі Беларусі ў рэгіёне — асабліва ў святле апошніх падзей у беларуска-ўкраінскіх стасунках і папярэджання, якое прэзідэнт Украіны Зяленскі накіраваў рэжыму Лукашэнкі.