Беларуская Служба

Рыбакоў: Паміж Мінскам і Кіевам ідзе прафесійны канфідэнцыйны дыялог

30.06.2026 12:01
Усе абмены палоннымі і целамі загінулых паміж расійскім і ўкраінскім бакамі праходзяць пры нашым садзейнічанні на тэрыторыі Беларусі, нагадаў дыпламат.
Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін РыбакоўФота: МЗС Беларусі

Паміж Мінскам і Кіевам «працягваецца прафесійны канфідэнцыйны дыялог для абмену інфармацыяй і пошуку кропак судакранання», заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў на пасяджэнні Савета бяспекі aрганізацыі 29 чэрвеня.

Спікер ахарактарызаваў яго як дзейсны і выказаў надзею на працяг, паведамляе «Позірк».

— Дастаткова сказаць, што ўсе абмены палоннымі і целамі загінулых паміж расійскім і ўкраінскім бакамі праходзяць пры нашым садзейнічанні на тэрыторыі Беларусі, — дадаў ён. — Усё гэта неабходна ўлічваць, перш чым выносіць абвінавачанні ў публічную плоскасць і чыніць правакацыі, – заявіў Рыбакоў.

Пры гэтым ён адзначыў пэўныя «публічныя імпульсіўныя выказванні кіраўніцтва Украіны», якія «сведчаць толькі аб імкненні да далейшага абвастрэння канфлікту», але не ўдакладніў, пра што гаворка.

Дыпламат «настойліва рэкамендаваў» Кіеву «не выпрабоўваць далей цярпенне беларускага боку і ні ў якім разе не лічыць адсутнасць неадкладнай жорсткай рэакцыі — гаворка ідзе пра інцыдэнт з аўтобусам — праявай слабасці, нерашучасці або баязлівасці».

аз