Украінец Багдан Герыш ужо амаль два месяцы знаходзіцца пад вартай у Беларусі. Яго затрымалі 6 траўня на мяжы пры выездзе з Беларусі, аднак прычыны ўтрымання пад вартай дагэтуль невядомыя. Родныя не маюць інфармацыі пра ягоны стан, адвакатка пакуль не змагла дамагчыся сустрэчы з ім.
29-гадовы Багдан пастаянна пражывае і зарэгістраваны ў Рыме (Італія), дзе афіцыйна працуе. Па словах родных украінца, яго затрымалі 6 мая 2026 года пры перасячэнні беларускай мяжы з Польшчай у раёне Гродна. Апошні раз сваякі размаўлялі з ім 8 траўня. Тады Багдан патэлефанаваў з ізалятара і паведаміў, што яго арыштавалі на 15 сутак — да 22 траўня. Пасля гэтага сувязь з ім перапынілася.
Паводле інфармацыі, якую сям'і ўдалося атрымаць, цяпер Багдан утрымліваецца ў Кастрычніцкім ІЧУ Гродна. Пры гэтым адвакатка пакуль не змагла атрымаць дазвол на наведванне падабароннага і высветліць, з чым звязана яго зняволенне.
Падчас затрымання ў Багдана канфіскавалі дзеючы італьянскі від на жыхарства, які дагэтуль знаходзіцца ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Партнёрка Багдана, што цяпер знаходзіцца ў Польшчы, цяжарная.
Пераслед грамадзян Украіны ў Беларусі працягваецца ўжо некалькі гадоў. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны праваабаронцы рэгулярна фіксуюць затрыманні ўкраінцаў паводле палітычных матываў. Некаторых з іх месяцамі ўтрымліваюць у ізалятарах часовага ўтрымання без прадʼяўлення абвінавачванняў. Сярод такіх выпадкаў — гісторыя грамадзянкі Украіны Наталлі Баташавай, якую больш за год утрымліваюць у ІЧУ без прадʼяўлення абвінавачвання.
Праваабаронцы «Вясны» таксама неаднаразова паведамлялі аб узмоцненых праверках грамадзян Украіны пры ўездзе ў Беларусь. Украінцаў дапытваюць супрацоўнікі беларускіх сілавых структур, правяраюць змесціва тэлефонаў і распытваюць пра мэту паездкі, сувязі ды стаўленне да вайны. Калі грамадзяне Украіны едуць праз Беларусь у Расею, яны мусяць мець пры сабе квіткі на самалёт да канчатковага пункта прызначэння і назад, пасля чаго праходзяць дадатковыя праверкі і допыты ўжо з боку супрацоўнікаў ФСБ Расеі.
Вясна/ав