Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Дэпартамент міграцыі Літвы ініцыяваў праверку былога зяця Шэймана пасля журналісцкага расследавання

30.07.2026 14:00
Пасля атрымання высноў усіх ведамстваў будзе прынята рашэнне пра прававы статус Шымановіча ў Літве.
Беларускія пашпартыЗдымак: Беларуская служба Польскага радыё

Дэпартамент міграцыі Літвы звярнуўся ў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі з просьбай ацаніць, ці не нясе знаходжанне ў краіне грамадзяніна Беларусі Андрэя Шымановіча пагрозы нацыянальнай бяспецы. Падставай для гэтага стала сумеснае міжнароднае расследаванне журналістаў, у тым ліку «Бюро»паведамляе «Наша Ніва».

Прадметам занепакоенасці літоўскіх уладаў сталі факты пра стварэнне мабільных дадаткаў, якія могуць перадаваць інфармацыю спецслужбам Беларусі і Расіі. Паколькі Дэпартамент міграцыі не мае функцый кібербяспекі, ён адначасова звярнуўся ў Нацыянальны цэнтр кібербяспекі і Бюро літоўскай крымінальнай паліцыі з просьбай правесці экспертызу і ацаніць праграмны код дадаткаў на наяўнасць уразлівасцяў і шкоднаснага функцыяналу.

Пасля атрымання высноў усіх ведамстваў будзе прынята рашэнне пра прававы статус Шымановіча ў Літве.

Андрэй Шымановіч — беларускі бізнесовец, які ў 2016 годзе ажаніўся з Вольгай Шэйман, дачкой аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі Віктара Шэймана. Ён шмат падарожнічаў з сям'ёй Шэймана, у тым ліку ў рамках бізнес-праектаў у Зімбабвэ.

Як высветлілі журналісты, Шымановіч мае дачыненне да шэрагу праектаў у сферы збору даных і сачэння:

 mSpy  сэрвіс для схаванага сачэння за тэлефонамі (геалакацыя, паведамленні, званкі), які перажыў некалькі буйных уцечак даных.
 Nicegram, eSIM Plus, InLab, Aivan  праграмы і надбудовы, распрацаваныя праз звязаную сетку кампаній у Беларусі і Літве. Дадаткі патрабуюць залішніх дазволаў (доступ да камеры, мікрафона, кантактаў) і перадаюць тэлеметрыю ў расійскую сістэму Yandex AppMetrica.

У 2023 годзе Шымановіч атрымаў дазвол на жыхарства ў Літве як стартапер, а ў 2025 годзе падоўжыў яго.

Праверку пры атрыманні ДНЖ ён прайшоў як мяркуецца з-за таго, што на той момант ужо развёўся з Вольгай Шэйман, хоць свой бізнес у Вільні засноўваў яшчэ будучы членам сямʼі ўплывовага чыноўніка беларускага рэжыму.

аз