Толькі адзін замежнік атрымаў прытулак у Грузіі ў першай палове 2026 года, пры гэтым беларусы атрымалі чатыры адмовы, сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз статыстыкі, апублікаванай мясцовай паліцыяй.
Грузінскія ўлады адмовілі двум беларусам у першым квартале (мужчынам ва ўзросце ад 26 да 40 гадоў і ад 41 да 65 гадоў) і двум — у другім (жанчыне ад 26 да 40 і мужчыну ад 41 да 65).
У студзені — чэрвені Грузія прыняла на разгляд ад беларусаў два хадайніцтвы аб наданні прытулку: па адным у кожным квартале (ад мужчын ва ўзросце ад 41 да 65 гадоў).
З 2019 года Грузія, якой кіруе партыя «Грузінская мара« прарасійскага алігарха Бідзіны Іванішвілі, адхіліла ўсе 82 разгледжаныя хадайніцтвы беларускіх грамадзян аб наданні прытулку. Рэкордным стаў 2024 год — 50 адмоваў, у т.л. 12 непаўналетнім. За апошнія сем з паловай гадоў грамадзяне Беларусі падалі 92 хадайніцтвы.
У лютым 2026 года прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ паведаміў, што дазвол на жыхарства ў краіне маюць 3.738 беларускіх грамадзян. Ён жа раскрыў планы выслаць на працягу года 4 тысяч нелегалаў, што ўтрая больш, чым было дэпартавана летась (1.311).
У першай палове гэтага года было выслана 24 грамадзяніны Беларусі, што склала 1,18% усіх дэпартаваных за названы перыяд замежнікаў (2.036).
аз