Віктар Бабарыка не бачыць сябе ў цяперашняй сістэме беларускіх дэмакратычных сілаў, паведаміў экс-палітвязень у размове з Радыё «Свабода».
Віктар Бабарыка заявіў, што на працягу паўгода пасля свайго вызвалення аналізаваў падзеі апошніх шасці гадоў. Ён зазначыў, што палітыкам ён напэўна быў у 2020 годзе – цяпер жа яму складана сказаць, ці з'яўляецца ён палітыкам.
– Я паўгода ці крыху больш патраціў на тое, каб прааналізаваць, а што, уласна, за ўсе гэтыя шэсць гадоў адбылося, і наколькі, як мне здаецца, я магу быць патрэбны палітычнаму лідару, руху, якія існуюць? І, як і ў 20-м годзе, я зразумеў, што нікому не патрэбны, – сказаў Бабарыка.
Паводле яго слоў, у 2020 годзе ён таксама не быў патрэбны нікому з тагачасных партый і лідараў.
Бабарыка таксама зазначыў, што не прапанаваў супрацоўніцтва прадстаўнікам дэмакратычных сілаў.
– Я ніколі нікому нічога не прапаную. Калі я камусьці патрэбны, звычайна прыходзяць і кажуць: «Слухайце, давайце разам папрацуем».
У ліпені 2021 году суд прыгаварыў Бабарыку да 14 гадоў пазбаўлення свабоды паводле абвінавачанняў у атрыманні хабару і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам. Сам ён віны не прызнаў і называў пераслед палітычна матываваным. З лютага 2023 года Бабарыку ўтрымлівалі ў рэжыме інкамунікада, а ў снежні 2025 года яго вызвалілі і вывезлі з Беларусі ў ліку 123 палітвязняў пасля перамоў беларускіх уладаў з прадстаўнікамі ЗША. Цяпер ён жыве ў Германіі.
На днях экс-палітвязень паведаміў нашай радыёстанцыі, што плануе заняцца бізнесам і ўжо зарэгістраваў кансалтынгавую кампанію.
вс