Беларусь заняла 132-е месца сярод 161 краіны ў міжнародным рэйтынгу працвітання Legatum Prosperity Index 2026.
Інстытут ацэньвае працвітанне не як эканамічную катэгорыю, а як спалучэнне трох кампанентаў: чалавечае развіццё, свабода і грамадскія сувязі. Яны, у сваю чаргу, складаюцца з больш як 150 статыстычных паказчыкаў.
Самую высокую ацэнку Беларусь атрымала па такім параметры, як адукацыя — тут краіна ўшчыльную набліжаецца да топ-30 сусветных лідараў. У цэлым краіна моцная па ўсім сектары «чалавечае развіццё», куды таксама ўключаюцца ўзровень жыцця і здароўе.
Але параметр «свабоды» адкідвае Беларусь у канец рэйтынгу. У гэты параметр уключаюцца, у прыватнасці, свабода слова, эканамічная свабода і грамадзянскі свет. Таксама ў дзясятку найслабейшых краін у свеце Беларусь уваходзіць па параметры аб'яднанняў у камʼюніці — адсутнічаюць лакальныя і суседскія абʼяднанні, а таксама фіксуецца нізкі ўзровень даверу ў грамадстве. Слабая пазіцыя і па параметры інтэграванасці грамадства, які вымярае, ці адчувае кожны чалавек, што астатнія члены грамадства падзяляюць яго каштоўнасці і інтарэсы.
Індэкс публікуецца пасля трохгадовага перапынку па скарэкціраванай методыцы. Таму прамое параўнанне дынамікі краін па гадах немагчымае. Аднак, калісьці Беларусь была бліжэй да сярэдзіны рэйтынгу — у 2019 годзе яна займала 80-е месца.
У першую дзясятку рэйтынгу патрапілі ў асноўным скандынаўскія краіны, але на першым месцы апынулася Швейцарыя. Упершыню ў топ-20 увайшлі Эстонія і Чэхія. Славенія (22), Літва (25), Латвія (30). У Польшчы вынік горшы — 36-е месца. Украіны ў рэйтынгу гэтага года не аказалася. Расія заняла 103-е месца.
Сярод постсацыялістычных краін ніжэй, чым Беларусь, у рэйтынгу аказаўся толькі Туркменістан.
thinktanks.pro/ав