3 верасня ў Вільні спікер Сейма Літвы Юозас Олекас афіцыйна прыняў Святлану Ціханоўскую. Удзел у сустрэчы таксама ўзялі дэпутаты групы «За дэмакратычную Беларусь» і прадстаўнікі большасці палітычных партыяў. З беларускага боку — дарадцы Ціханоўскай Францішак Вячорка, Дзяніс Кучынскі і Анатоль Лябедзька.
Ключавой тэмай сустрэчы стала абмеркаванне старшынства Літвы ў Радзе ЕС. Святлана Ціханоўская заклікала зрабіць Беларусь адным з прыярытэтаў еўрапейскага парадку дня падчас старшынства Літвы. Апроч таго бакі размаўлялі пра падрыхтоўку да вызвалення палітвязняў, узаемнае прызнанне правоў кіроўцы, стыпендыі для беларусаў, курсы літоўскай мовы і будучыню ЕГУ.
Дасягнута прынцыповая згода на падпісанне мемарандума паміж дэмсіламі Беларусі і Сеймам Літвы і правядзенне пасяджэння Альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь».
Ціханоўская назвала Літву адным з найбольш надзейных сяброў дэмакратычнай Беларусі і выказала глыбокую ўдзячнасць літоўскаму парламенту за паслядоўную і прынцыповую пазіцыю і падтрымку беларускага народу, а таксама за рашэнні, якія не прыраўнялі беларусаў да расіянаў. Асобна была адзначана прамова спікера Олекаса на пленарнай сесіі і яго віншаванне беларусаў з 25 жніўня — Днём прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Крыніца: Светлана Тихановская/юл