Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларусы страцяць магчымасць аўтобусных паездак у Латвію

08.09.2026 11:02
Са студзеня 2027 года Латвія спыняе аўтобусныя перавозкі з Беларуссю і Расіяй.
 -
Зачыняецца беларуска-латвійская мяжаREUTERS

Улады Латвіі збіраюцца забараніць рэгулярныя аўтобусныя спалучэнні з Беларуссю і Расіяй, у тым ліку і транзітныя рэйсы праз тэрыторыю краіны. Адпаведныя папраўкі падрыхтавала і ўнесла на разгляд ураду міністэрства транспарту, піша Delfi.

Цяпер дзейнічае адзін рэгулярны аўтобусны маршрут паміж Латвіяй і Расіяй. Яго штодня выконвае кампанія Norma-A, якая працуе пад брэндам Ecolines. Дазвол на гэты маршрут дзейнічае да 9 студзеня 2027 года — працягваць яго дзейнасць не плануецца.

Нерэгулярныя аўтобусныя пасажырскія перавозкі ў Расію і Беларусь улады Латвіі забаранілі з 1 лістапада 2025 года. Забарона дзейнічае да 31 кастрычніка 2026 года. Яе плануюць падоўжыць яшчэ на год.

Улады Латвіі неаднаразова заклікалі жыхароў краіны ўстрымацца ад паездак у Расію і Беларусь, а Служба дзяржаўнай бяспекі папярэджвала аб рызыцы арышту ці вярбоўкі.

У сваю чаргу перавозчык Ecolines ацаніў прамую шкоду ад такой забароны прыкладна ў чатыры мільёны еўра ў год, а дадатковыя страты з-за прастою аўтобуснага парку — яшчэ прыкладна ў два мільёны еўра ў год.

Крыніца: Delfi/юл