У дзяржаўным канцэрне «Белнафтахім» паведамілі, што на найбуйнейшым у Беларусі Рэчыцкім нафтавым радовішчы прабурылі шэсць новых свідравін і яшчэ па адной на трох з шасці іншых пляцовак у Гомельскай вобласці. Адзначаецца, што па адной свідравіне прабурылі на Паўднёва-Асташкавіцкім і Масквічоўскім радовішчах, а таксама на Асташкавіцкай пляцоўцы, паведамляе «Свабода».
Паводле інфармацыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і наваколля, у Беларусі выявілі 96 радовішчаў нафты, 62 з якіх распрацоўваюцца. Прамысловыя запасы нафты ацэньваюць у 46,2 мільёна тон. Штогод у Беларусі здабываюць менш за 2 мільёны тон нафты.
Аляксандр Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што не верыць, каб у Беларусі выкачалі ўсю нафту, і патрабуе шукаць лепш.
Раней у прадпрыемстве «Беларуснафта» заяўлялі аб планах завяршыць разведку запасаў нафты да 2035 года.
Паводле ацэнак спецыялістаў, цяпер ступень вывучанасці перспектыўных тэрыторый у краіне ўжо дасягае каля 70%. Каб наблізіцца да поўнай разведкі, у бліжэйшыя гады плануецца маштабная праграма бурэння — у тым ліку будаўніцтва каля 355 эксплуатацыйных і 176 пошукава-разведвальных свідравін.
Асноўныя работы сканцэнтраваныя ў Прыпяцкім прагіне — галоўным нафтавым рэгіёне краіны. Тут ужо праводзяцца сучасныя 3D-сейсмічныя даследаванні, якія дазваляюць больш дакладна вызначаць месцы залягання вуглевадародаў. Тэктанічная структура займае амаль усю Гомельскую вобласць, а таксама часткова — Мінскую і Брэсцкую.
Да 2030 года плануюць ахапіць сейсмічнымі даследаваннямі ўсе ключавыя зоны, а да 2035-га — стварыць поўную лічбавую мадэль рэгіёну. Эксперты падкрэсліваюць, што гаворка не ідзе пра «бясконцыя» запасы: Беларусь не з’яўляецца буйной нафтавай дзяржавай, але мэтай з’яўляецца максімальна поўнае вывучэнне і выкарыстанне наяўных рэсурсаў.
Агулам Беларусь займае 41-е месца ў свеце па запасах нафты.
аз