Блогер Леў Белавусаў, які зняў відэа аб кінутым недакурку на Нямізе, запісаў зварот да Аляксандра Лукашэнкі, — паведамляе «Люстэрка».
У ім ён расказаў, што яго пераследуюць прадстаўнікі народа рома і ў Талочыне на фоне гэтага хлопец патрапіў у міліцыю.
Леў сцвярджае, што там яму адмовіліся дапамагчы і жудасна з ім абыходзіліся.
Адказ МУС апублікавала позна ўвечары ў пятніцу, 18 верасня, з загалоўкам «За словы трэба адказваць» і хэштэгам «антыфейк».
МУС сцвярджае, што блогера пратрымалі ноч у РАУС, бо з ім «праводзіліся неабходныя працэсуальныя дзеянні» і што з ім абыходзіліся так, каб хлопцу было камфортна (прапанавалі плед, гарачую гарбату, прадукты харчавання і медыцынскую дапамогу).
А Белавусаў заявіў, што яго абражалі, называлі геем, п**арасам, «заднепрывадным» і наркаманам. А таксама расказаў, што ў яго забралі тэлефон і пашпарт.
Ён звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разабрацца ў сітуацыі, а ў беларусаў — дапамогі ў прасоўванні відэа.
— Я хачу, каб вышэйстаячыя органы Рэспублікі Беларусь звярнулі на мяне ўвагу і мне вярнулі пашпарт і тэлефон. Гэта для мяне адзіны заробак (...)
МУС жа лічыць, што словы Белавусава «не адпавядаюць рэчаіснасці» і прыгразіла яму крымінальнай адказнасцю.
— Папярэджваем, што па ўсіх фактах распаўсюджвання інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці, у тым ліку з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт, праводзіцца праверка і даецца прынцыповая ацэнка, а вінаватыя прыцягваюцца да ўстаноўленай законам адказнасці аж да крымінальнай, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Тым часам відэа блогера ўжо выдалена з TikTok. Невядома, ці зрабіў гэта ён сам ці супрацоўнікі міліцыі.
яс