Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

З пачатку года МУС Беларусі канфіскавала больш за 370 адзінак незарэгістраванай зброі, добраахвотна здадзена звыш 330

19.10.2026 09:45
Асобы, якія добраахвотна перадалі зброю і боепрыпасы, «цалкам вызваляюцца ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці», нагадвае ведамства.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Brett_Hondow/pixabay.com/CC0 Public Domain

З пачатку года ў Беларусі былі канфіскаваныя больш за 370 адзінак незарэгістраванай зброі, добраахвотна здадзена звыш 330, паведаміла прэс-служба МУС. У ведамстве таксама паведамілі пра канфіскацыюі каля 51 тыс. і добраахвотнай здачы каля 68 тыс. боепрыпасаў рознага калібру.

МУС анансавала правядзенне з 19 па 23 кастрычніка асноўнага этапу штогадовага аператыўна-прафілактычнага спецыяльнага комплекснага мерапрыемства «Арсенал« па папярэджанні парушэнняў заканадаўства ў сферы абароту зброі.

— Міліцыянеры правераць умовы захоўвання грамадзянамі зарэгістраваных пісталетаў, стрэльбаў, а таксама нагадаюць аб мерах бяспекі пры абыходжанні з імі, — гаворыцца ў рэлізе. — Асаблівую ўвагу нададуць выяўленню нелегальнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых прыстасаванняў і выбуховых рэчываў, а таксама тлумачэнне насельніцтву парадку іх добраахвотнай здачы.

Асобы, якія добраахвотна перадалі ў органы ўнутраных спраў любую зброю і боепрыпасы, што незаконна захоўваецца, «цалкам вызваляюцца ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці», нагадвае МУС.

Як нагадвае «Позірк», шэраг артыкулаў КоАП (24.29, 24.30, 24.31, 24.32 і 24.46) прадугледжвае адказнасць за незаконныя дзеянні ў дачыненні да халоднай, газавай, пнеўматычнай або кідальнай зброі; парушэнне правілаў абыходжання са зброяй і выбуховымі рэчывамі; парушэнне тэрмінаў рэгістрацыі і незаконныя дзеянні ў адносінах да паляўнічай гладкаствольнай зброі (усё караецца штрафам).

Паўторнае парушэнне апошняга артыкула на працягу года прыводзіць да крымінальнай адказнасці.
Арт. 294 КК (крадзеж агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў ці выбуховых рэчываў) прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 12 гадоў са штрафам або без.

Арт. 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) – прадугледжвае аналагічнае максімальнае пакаранне, але без штрафу.

Арт. 2951 (незаконныя дзеянні ў адносінах да паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі) прадугледжвае пазбаўленне волі да пяці гадоў; ст. 296, якая тычыцца халоднай зброі, — да трох гадоў; 297 (газавага, пнеўматычнага або мятальнага) — аналагічна.

За неналежнае захоўванне агнястрэльнай зброі (арт. 300, прымяняецца да законных уладальнікаў) можна атрымаць абмежаванне волі да двух гадоў.

аз