Гомельскі абласны суд вынес прысуд па справе 31‑гадовага жыхара Хойнікаў Артура Сыраквашы. Яго абвінавачвалі па ч. 1 і ч. 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — тыповы набор для фігурантаў справы Гаюна.
Артур Сыракваша працаваў намеснікам начальніка пагранічнай заставы «Хойнікі», створанай у 2020 годзе. Быў сакратаром мясцовага БРСМ, паведамляе «Наша Ніва».
У анкеце Артура «Укантакце» пазначана, што ён родам з Мінска, скончыў БДУ.
У міліцэйскай базе «экстрэмістаў» насупраць прозвішча Сыраквашы стаіць пазнака «адбывае пакаранне». Гэта значыць, што ён атрымаў ці калонію, ці хімію з накіраваннем. Аднак практыка паказвае, што сілавікам, затрыманым па справе Гаюна, часцей за ўсё прысуджаюць менавіта калонію.
Паводле праваабаронцаў, агулам па «справе Гаюна» ў Беларусі асудзілі мінімум 235 чалавек. Паводле арт. 361-4 КК асуджаныя найменей 1112 чалавек.
aз