Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Святлана Ціханоўская ўпершыню выказалася пра дзеянні свайго мужа

05.11.2026 13:10
Разам з тым яна падкрэсліла ўклад мужа ў гісторыю барацьбы за дэмакратычную Беларусь.
       .
Святлана Ціханоўская ў студыі Беларускай службы Польскага радыё.Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё/Барыс Судзін

Пра гэта яе запытала DW Belarus.

Ціханоўская вельмі ўзважвала словы, каментуючы выказванні Сяргея Ціханоўскага пра беларускую апазіцыю, дзейнасць яе Офіса і яе саму, у тым ліку пра яе ролю ў прэзідэнцкіх выбарах і цяперашнюю дыпламатычную дзейнасць.

— Сяргей Леанідавіч — самастойны чалавек, ён выбірае той стыль зносін, які яму блізкі. Ён выбірае тую рыторыку, якую ён лічыць патрэбнай, і ў нас у цэлым, ну, ёсць правілы ў дэмакратычных структурах, што любая крытыка, яна важна, яна патрэбна, калі яна канструктыўная, гэта заўсёды вітаецца. Але я ў кожным разе не магу падтрымаць той зневажаючы годнасць стыль зносін Сяргея, на жаль.

Разам з тым яна падкрэсліла ўклад мужа ў гісторыю барацьбы за дэмакратычную Беларусь.

— Яго гістарычны ўклад у гісторыю свабоднай Беларусі, дэмакратычнай, не выкрэсліь ніводным днём. Ён лідар пратэсту, ён такім і з'яўляецца. Але вось гэты капітал чалавечы, палітычны, які ў яго ёсць і быў, мне б хацелася, каб быў накіраваны ў канструктыўнае рэчышча.

Святлана Ціханоўская сказала таксама, што ёй крыўдна за словы мужа, але яна прыкладае ўсе ўнутраныя сілы, каб раздзяляць сямейныя адносіны і палітычныя ролі — сваю і Сяргея.

— Я вельмі была здзіўленая вось гэтай новай рыторыкай Сяргея, што калі я змагалася, аказваецца, я проста таскала папку ўсе гэтыя шэсць гадоў, што я здзейсніла падлог у дваццатым годзе... Канешне, мяне гэта крыўдзіць.

Ціханоўская адзначыла, што яе галоўнай мэтай застаецца вяртанне да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Паводле яе слоў, унясенне разладу ў дэмакратычнае грамадства і абесцэньванне працы журналістаў, праваабаронцаў і грамадскіх арганізацый з 2020 года не ідуць на карысць агульнай справе.

Лідарка дэмакратычных сілаў прызнала, што гэтая сітуацыя з'яўляецца для яе вельмі цяжкай у асабістых і сямейных адносінах, аднак яна працягвае працаваць дзеля таго, каб пра Беларусь і яе праблемы не забывалі. На яе думку, усе рознагалоссі павінны вырашацца ў закрытым фармаце, а намаганні павінны быць накіраваны на канструктыўныя прапановы і пабудову інстытутаў, дзе голас кожнага можа быць пачуты.

яс