Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Спецдакладчык ААН: Мінск «экспартуе» парушэнні правоў чалавека за мяжу

27.11.2026 11:12
Санкцыі, уведзеныя Захадам супраць Мінска, спецдакладчык лічыць цалкам апраўданымі з улікам маштабаў рэпрэсій.
Нілс Муйжніекс у студыі Белсатуфот. Белсат
Беларускія ўлады не толькі парушаюць правы чалавека ўнутры краіны, але і «экспартуюць» гэтыя парушэнні за яе межы. Пра гэта ў інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» заявіў спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, каментуючы праблему транснацыянальных рэпрэсій.

Паводле яго слоў, некаторыя хацелі б бачыць паляпшэнне сітуацыі ў Беларусі, нават калі такога паляпшэння няма. Аднак задача спецдакладчыка — паказваць рэальны стан спраў.

— Сітуацыя толькі пагаршаецца: кагосьці вызвалілі, але кагосьці выгналі з краіны, а іншыя людзі сталі ахвярамі рэпрэсій і апынуліся ў жахлівых умовах зняволення, — адзначыў Муйжніекс, дадаўшы, што адсочваць маштабы рэпрэсій становіцца ўсё цяжэй.

Санкцыі, уведзеныя Захадам супраць Мінска, спецдакладчык лічыць цалкам апраўданымі з улікам маштабаў рэпрэсій.

— Я часта кажу, што ў Беларусі, верагодна, найбольшая ў свеце колькасць палітычных зняволеных у разліку на душу насельніцтва, — падкрэсліў прадстаўнік ААН.

25 лістапада ў Варшаве Нілс Муйжніекс сустрэўся з беларускай дэмакратычнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.

Сярод галоўных тэм сустрэчы былі прымусовая высылка былых палітвязняў з Беларусі, лёс іх дзяцей, якія засталіся ў краіне без бацькоў, пераслед беларусаў за мяжой, злоўжыванне механізмамі Інтэрпола, а таксама рызыкі затрымання і экстрадыцыі.

Абмяркоўваліся таксама дакументаванне злачынстваў беларускага рэжыму і перспектывы стварэння гібрыднага трыбунала. Спецдакладчыку перадалі дакументальна пацверджаныя выпадкі разлучэння дзяцей з бацькамі — былымі палітычнымі зняволенымі.

Раней Муйжніекс сустрэўся з прадстаўнікамі праваабарончага цэнтра «Вясна».

Паводле звестак праваабаронцаў, па стане на 26 лістапада ў Беларусі палітычнымі зняволенымі прызнаныя 886 чалавек.

яс

Беларускі вопыт у цэнтры ўвагі: у Бруселі абмеркавалі сітуацыю з транснацыянальнымі рэпрэсіямі і ролю Еўрапарламента

05.11.2026 15:36
Адной з сустаршынь дэбатаў выступіла польская еўрадэпутатка Малгажата Гасеўская, якая прадстаўляла факты па беларускім пытанні.