— У публічнай прасторы ўсё часцей гучыць меркаванне пра тое, што працэс правасуддзя ў МКС па «беларускай сітуацыі» неапраўдана зацягваецца. Аднак, калі звярнуцца да статыстыкі і працэдур самога суда, такая ацэнка не мае пад сабой падстаў, — зазначыў Павал Латушка.
Працэдура папярэдняга вывучэння справы прайшла хутка. «З моманту перадачы Літвой Офісу пракурора МКС спатрэбілася ўсяго 17 месяцаў для завяршэння папярэдняга вывучэння «беларускай сітуацыі». Для параўнання: паводле даклада незалежных экспертаў аб дзейнасці МКС ад 2020 года (падрыхтаванага ў межах працэсу, ініцыяванага Асамблеяй дзяржаў–удзельніц Рымскага статута), сярэдняя працягласць папярэдняга вывучэння сітуацый складала 50 месяцаў — амаль у тры разы даўжэй», зазначыў Павел Латушка.
Офіс пракурора МКС уклаўся ў 17 месяцаў у вельмі складаных умовах, калі Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай Рымскага статута. Прыняцце рашэння аб пачатку расследавання «беларускай сітуацыі», кантэкст якой у большай ступені выходзіць за межы юрысдыкцыі МКС, запатрабавала ад Офіса пракурора значнай рашучасці. Тым больш ва ўмовах заклікаў засяродзіць рэсурсы суда на расследаванні сітуацый у дзяржавах–удзельніцах Рымскага статута.
Апроч таго перыяд папярэдняга вывучэння супаў з беспрэцэдэнтным ціскам на МКС, і перш за ўсё на Офіс пракурора, з боку шэрагу пастаянных членаў Рады Бяспекі ААН, а таксама з унутраным крызісам у Офісе пракурора, у выніку якога яго кіраўнік быў вымушаны адысці ад выканання сваіх абавязкаў. Таксама за шэсць гадоў ніводная дзяржава, акрамя Літвы, уключаючы краіны, на тэрыторыі якіх знаходзіцца найбольшая колькасць пацярпелых беларусаў, не скарысталася механізмам перадачы сітуацыі ў МКС, прадугледжаным артыкулам 14 Рымскага статута.
— На гэтым фоне расследаванне Офіса пракурора выглядае эфектыўным і актыўна прасоўваецца. Сёння гэтае расследаванне застаецца адзінай рэальнай надзеяй на правасуддзе для сотняў тысяч ахвяр з Беларусі. (...) У практыцы МКС з моманту пачатку расследавання да запыту першага ордэра на арышт у сярэднім праходзіць ад паўтара да двух гадоў, — падкрэсліў Павал Латушка.
Крыніца: Павел Латушка/юл