„У адпаведнасці з прынятай канцэрнам „Белнафтахім” палітыкай па фарміраванні цэн на нафтапрадукты рознічныя цэны на маторнае паліва на АЗС з 21 ліпеня 2019 г. памяншаюцца на 1 капейку”, — паведаміў БелаПАН са спасылкай на прэс-службу канцэрна.
Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,56 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,66, АІ-98-К5-Еўра — 1,88, дызельнага паліва — 1,66 рубля.
Канцэрн рэгулюе цану маторнага паліва на ўнутраным рынку, усталёўваючы гранічныя максімальныя цэны на нафтапрадукты.
З-за росту цаны нафты для беларускіх НПЗ „Белнафтахім” у 2018-м і да пачатку лета 2019 года практычна штотыдзень павялічваў цану на аўтамабільнае паліва. У мінулым годзе большасць відаў паліва даражэла 27 разоў, сёлета — 15 разоў (апошні раз 2 чэрвеня).
9 чэрвеня цана бензіну АІ-95-К5-Еўра і дызпаліва ДТ-К5 была зніжана на капейку. Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра і АІ-98-К5-Еўра засталася ранейшай. 16 чэрвеня на капейку патаннелі ўсе віды паліва.
„Сабекошт беларускага паліва напрамую залежыць ад цаны нафты на сусветным рынку (доля сыравіны ў выдатках 85—90%) і курсу беларускага рубля. Цана нафты, якая імпартуецца ў Рэспубліку Беларусь, прывязаная да сусветных каціровак на нафту. Пры прыняцці рашэнняў аб змяненні гранічных цэн на паліва ўлічваецца таксама ўзровень цэн на паліва ў сумежных краінах і шэраг сацыяльных фактараў”, — тлумачылі раней у „Белнафтахіме”.
аз