Беларуская Служба

Сусветны банк: Беларусі не варта адкладваць цяжкія рэформы

22.08.2019 12:03
Такое меркаванне выказаў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Мінску Алекс Крэмер.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларусі не варта адкладваць структурныя рэформы ў рэальным сектары эканомікі. Такое меркаванне выказаў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Мінску Алекс Крэмер у сваім відэазвароце на сайце арганізацыі, паведамляе БелаПАН.

„Сур’ёзнае пераўтварэнне эканомікі, інстытутаў і нават грамадства будзе цяжкім. Але чым даўжэй мы чакаем, тым складанейшым яно будзе. А сацыяльнае ўздзеянне такіх пераўтварэнняў можна змякчыць як мінімум за кошт узмацнення сацыяльных праграм”, - лічыць Крэмер.

На яго думку, калі Беларусь правядзе структурныя змены, гэта дазволіць ёй стаць „больш моцнай, паспяховай і эканамічна незалежнай краінай”.

Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка адзначыў, што Беларусі патрэбныя структурныя рэформы, бо традыцыйныя крыніцы росту эканомікі вычарпаныя.

„У мінулым у Беларусі назіраўся вельмі хуткі эканамічны рост. Ён прывёў да хуткага павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Але гэты хуткі рост забяспечваўся за кошт крыніц, якія сёння вычарпалі сябе. Гэта былі запазычанні з-за мяжы, павышэнне коштаў на сыравінныя тавары і хуткі эканамічны рост у суседняй Расіі”, — лічыць Крэмер.

Разам з тым, адзначыў ён, гэтыя крыніцы росту вычарпаныя, а ў краіне захаваўся неэфектыўны дзяржсектар.

„Асноўнай праблемай з’яўляецца памер і неэфектыўнасць сектара дзяржпрадпрыемстваў. У гэтым сектары працуе палова беларусаў, але, на жаль, неэфектыўнасць дзяржпрадпрыемстваў часта прыводзіць да страт, якія абярнуліся даўгамі ў банкаўскім сектары”, - канстатаваў кіраўнік прадстаўніцтва СБ.

Ён зазначыў, што чысты прыбытак сектара дзяржпрадпрыемстваў знізіўся з 5,3% ВУП у 2013 годзе да 1,5% ВУП у 2018-м. У той жа час доля стратных дзяржпрадпрыемстваў павялічылася з 7,7% да 12,9%.

На яго думку, некаторыя дзяржпрадпрыемствы трэба прыватызаваць па справядлівых рынкавых цэнах, „а некаторыя, на жаль, давядзецца закрыць”.

„І гэта падводзіць нас да пытання сацыяльнай абароны”, - мяркуе Крэмер.

На думку Крэмера, яшчэ адна структурная праблема, якая патрабуе вырашэння, — субсідыі на ацяпленне.

аз