Беларуская Служба

Беларуская альпіністка загінула ў гарах на мяжы Італіі і Швейцарыі

22.08.2019 14:21
Судовыя медычныя эксперты правяраюць цела жанчыны, каб пацвердзіць або абвергнуць дапушчэнне наконт хваробы.
МатэргорнАвтор: Oargi - https://www.flickr.com/photos/oargi/2815273608/in/set-72157607040679840/, CC BY-SA 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=10069873

На гары Матэргорн, што на мяжы Швейцарыі і Італіі, 20 жніўня загінула грамадзянка Беларусі, 33-гадовая Кацярына Кліманская, паведамляе „Радыё Свабода” са спасылкай на італьянскае выданне Il Мessaggero.

Загінулая была добра трэніраваная і падрыхтаваная, ішла з дасведчаным сябрам-альпіністам з Украіны, які не пацярпеў. Выданне агучвае версію, што жанчына магла памерці ад хваробы.

Уздымацца на гару яны пачалі ўдзень, каля 5 гадзінаў вечара прыйшлі на падножжа праходу.

„Я падняўся наверх, але яна засталася ўнізе, яна стамілася, — расказаў ейны напарнік. — Спачатку я паслаў уніз канец вяроўкі. Яна не змагла падняцца, таму я падымаў яе. Яна была выматаная, сказала, што знясілілася. Упала на зямлю і не рэагавала”.

Мужчына сцвярджае, што пайшоў шукаць дапамогі, але не знайшоў нікога і не атрымаў адказу па рацыі, а калі вярнуўся, жанчына ўжо была нежывая. Толькі бліжэй да ночы яму ўдалося звязацца з ратавальнікамі, і тыя прыбылі раніцай.

Цела жанчыны даставілі на верталёце ў італьянскі горад Чэрвінію, цяпер справай займаецца паліцыя. Судовыя медычныя эксперты правяраюць цела жанчыны, каб пацвердзіць або абвергнуць дапушчэнне наконт хваробы.

аз