Скульптура ўпрыгожыла гістарычны цэнтр. Вышыня бронзавай статуі разам з гранітным пастаментам вышэй за 4 м, піша газета ''Звязда''. Аўтары помніка скульптары Іван Міско, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін.
"Я ураджэнец слонімскай зямлі. Можна сказаць, што цяпер ўвасобілася мая мара. Ідэя ўсталяваць помнік вядомаму земляку паўстала паўтара дзясятка гадоў таму. Рады, што яна рэалізавана", - адзначыў Іван Міско. Ён падкрэсліў, што ў Слоніме ўпершыню з'явіўся помнік такога маштабу.
Леў Сапега - значная гістарычная постаць для горада. Некалі выдавец Статута Вялікага княства Літоўскага быў старастай старажытнага горада, пры Льву Сапегу Слонім актыўна развіваўся. За час кіравання Льва Сапегі Слонім стаў цэнтрам гандлю і рамёстваў. Былі пабудаваныя ратуша, гандлёвыя шэрагі, цэха рамеснікаў, склаўся гістарычны цэнтр горада з брукаванымі вуліцамі, плошчамі і мастамі. Паводле яго хадайніцтва ў 1591 г. гораду было прысвоена Магдэбургскае права, падараваны герб, на якім намаляваны леў, які трымае залатую стралу.
эж