Беларусь заўжды будзе падтрымліваць тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прэм'ер-міністрам гэтай краіны Мамукам Бахтадзэ 23 жніўня, перадае „Еўрарадыё” са спасылкай на прэс-службу кіраўнка Беларусі.
Бахтадзэ падзякаваў Лукашэнку за развіццё добрых адносінаў паміж краінамі, згадаў яго візіт у Грузію ў 2015 годзе. „І, вядома ж, я хачу падзякаваць вам і вашаму народу за прынцыповую падтрымку нашай тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту. Грузінскі народ гэтага ніколі не забудзе”, - падкрэсліў ён.
У адказ Лукашэнка заявіў, што Беларусь займае такую прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да любой краіны. „З любой дзяржавай гэта можа адбыцца, і гэта недапушчальна”, - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Нагадаем, што падчас расійска-грузінскай вайны ў 2008 годзе расійскія войскі занялі Паўднёвую Асецію і Абхазію. Гэтыя дзве рэспублікі абвясцілі сваю незалежнасць, якая не была прызнаная амаль нікім у свеце. У тым ліку не прызнала іх і Беларусь.
аз