Мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус кажа, што папрасіў амбасадара Беларусі даць магчымасць атрымліваць непасрэдна з Беларускай АЭС звесткі маніторынгу навакольнага асяроддзя, паведамляе «Свабода» са спасылкай на Delfi.
Паводле Шымашуса, на сустрэчы з новым амбасадарам Беларусі Валерыем Бараноўскім 26 верасня ён яшчэ раз падкрэсліў, што Літва незадаволеная будаўніцтвам атамнай станцыі і занепакоеная яе бяспекай, і папрасіў даць прамы доступ да дадзеных маніторынгу навакольнага асяроддзя.
«Я інфармаваў амбасадара, што калі ўжо яны рыхтуюцца ўвесці гэтую атамную станцыю ў эксплуатацыю, з чым мы зусім ня згодныя, то мы б хацелі бачыць прыродаахоўныя звесткі онлайн, пастаянна, на месцы, а не праз нейкую сістэму інфармавання», – сказаў Рэмігіюс Шымашус.
«Натуральна, што даверу пакуль няма, і павысіць яго можа толькі поўнае раскрыццё інфармацыі», – дадаў мэр Вільні.
Адказваючы на заклік амбасадара Беларусі падтрымліваць дружалюбныя стасункі, Шымашус адказаў, што Літва хоча падтрымліваць суседскія адносіны, і «вельмі б хацелася, каб Беларусь была самастойнай краінай, а не сатэлітам Расіі». У размове з беларускім амбасадарам мэр Вільні таксама адзначыў, што супрацоўніцтва Беларусі і Літвы «часам ускладнена вельмі розным стаўленнем да каштоўнасцяў, правоў чалавека і дэмакратыі».
аев/вс
здымак мае ілюстрацыйны характар