Беларуская Служба

З 27 кастрычніка авіякампанія «Белавія» пераходзіць на зімовы расклад

26.10.2019 14:07
Усяго ў зімовым сезоне плануецца павелічэнне частот па 11 напрамках.
Бартавы персанал авіякампаніі «Белавія»фота: belavia.by

ААТ «Авіякампанія «Белавія» ўводзіць новы расклад руху самалётаў, які будзе дзейнічаць з 27 кастрычніка да 28 сакавіка ўключна. Працэдура пераходу на зімовы расклад устаноўлена міжнароднай асацыяцыяй паветранага транспарту ІАТА і распаўсюджваецца на ўсе авіякампаніі ў свеце, паведамляе «Звязда».

У зімовым сезоне плануецца працяг выканання рэйсаў летняга раскладу ў Шарамеццева два разы ў дзень, а таксама ў Талін і Мюнхен – чатыры рэйсы ў тыдзень. Пры гэтым варта адзначыць, што палёты ў сталіцу Малдовы будуць выконвацца штодзень.

У параўнанні з сезонам «Зіма-2018/2019» авіякампанія плануе павелічэнне колькасці рэйсаў у Батумі, Лондан і Будапешт да чатырох у тыдзень, у Тбілісі да 11 рэйсаў у тыдзень, Баку – да пяці рэйсаў, Сочы – да трох рэйсаў. Палёты ў Рыгу, Берлін і Стамбул будуць выконвацца шэсць разоў у тыдзень, у Вільнюс – восем. Усяго ў зімовым сезоне плануецца павелічэнне частот па 11 напрамках.

У новым зімовым раскладзе «Белавія» будзе выконваць чартарныя рэйсы на курорты Егіпта з Мінска і з абласных аэрапортаў краіны: Брэста, Гродна, Магілёва і Гомеля. Будзе працягнута выкананне чартарных праграм з Мінска ў Дубай.

вс