Беларуская Служба

Больш за 100 экспертаў дыскутуюць пра гісторыю палякаў у Беларусі

29.10.2019 10:23
У Гродне праходзіць трохдзённая навуковая канферэнцыя, прысвечаная гісторыі палякаў у Беларусі ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў. 
Ян Маліцкі і Яраслаў КсёнжэкУ. Пац/Польскае радыё

У Гродне праходзіць трохдзённая навуковая канферэнцыя, прысвечаная гісторыі палякаў у Беларусі ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў, а таксама імкненням палякаў і беларусаў да незалежнасці. Гэта трэцяя такога тыпу сустрэча навукоўцаў і прадстаўнікоў польскіх арганізацый, якая адбываецца ў будынку польскага Генеральнага консульства.

Генконсул у Гродне Яраслаў Ксёнжэк сказаў Польскаму радыё, што ў трохдзённай канферэнцыі ўдзельнічае каля 100 чалавек:

- Гэта прадстаўнікі польскай нацыянальнай меншасці, розных меншасных веравызнанняў, між іншым, грэка-каталікі, габрэйская супольнасць. Гэта таксама навукоўцы з Польшчы і Беларусі.

Дырэктар Студыюма Ўсходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту Ян Маліцкі кажа, што разнастайнасць удзельнікаў канферэнцыі з’яўляецца пазітыўным фактам:

- Калі палова ўдзельнікаў прыехала з Польшчы, а палова – беларусы, то гэта дадае новую якасць. Гісторыя палякаў у Беларусі, увогуле гісторыя, вымагаюць разнародных поглядаў.

На адкрыцці канферэнцыі беларускія гісторыкі Алесь Смалянчук і Ігар Мельнікаў атрымалі ўзнагароды ад таварыства «Wspólnota Polsdka» за навуковую дзейнасць на карысць Польшчы і Беларусі.

ав