Беларуская Служба

ЕЗ аб чарговым смяротным прысудзе: Выступаем супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах

29.10.2019 11:12
25 кастрычніка Брэсцкі абласны суд абвясціў прысуд па справе аб жорсткім забойстве 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы.
Плакат кампаніі "Скажы НЕ смяротнаму пакаранню"dp.spring96.org

Еўрапейскі звяз выказвае шчырае спачуванне ўсім, хто пацярпеў ад злачынства, здзейсненага Віктарам Сергілем, але ЕЗ выступае супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах. З такой заявай выступіла прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Касьянчыч, паведамляе tut.by.

«Смяротнае пакаранне з'яўляецца бесчалавечным і неэфектыўным пакараннем, якое не зʼяўляецца стрымліваючым фактарам. Увядзенне мараторыя на выкананне смяротных прысудаў у Беларусі стала б пазітыўным крокам на шляху да адмены смяротнай кары ў краіне», – гаворыцца ў заяве.

У ЕЗ таксама лічаць, што тым самым Беларусь далучылася б да ліку краін, якія адмянілі смяротнае пакаранне ці заканадаўча, ці дэ-факта. На працягу апошніх 10 гадоў пакаранні смерцю не ажыццяўляюцца ў 160 краінах свету.

Нагадаем, 25 кастрычніка Брэсцкі абласны суд абвясціў прысуд па справе аб жорсткім забойстве 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы. 26-гадовую маці дзяўчынкі і яе 48-гадовага знаёмага Віктара Сергіля прызналі вінаватымі ў групавым забойстве заведама малалетняй з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў. Жанчыне прызначылі 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму – гэта максімум для жанчын у Беларусі, яе саўдзельніку – смяротнае пакаранне.

ав