Беларуская Служба

Пачаліся нападкі на архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія

07.09.2020 12:13
У дакуменце Праваслаўнага брацтва св.Уладзіміра гаворыцца, што сярод духавенства Гродзенскай епархіі назіраецца распаўсюджванне нацыяналістычных ідэй, заснаваных на русафобіі.
     ( )
Архіепіскапа Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій (за моўніцаў)Фота:orthos.org

Праваслаўнае брацтва св.Уладзіміра просіць патрыярха Кірыла зняць з Гродзенскай кафедры архіепіскапа Арцемія.

Заява з’явілася пасля звароту архіепіскапа да кліра і паствы. У дакуменце гаворыцца, што сярод духавенства Гродзенскай епархіі назіраецца распаўсюджванне нацыяналістычных ідэй, заснаваных на русафобіі.

Як прыклад гэтаму – у епархіі адбылося выкананне нацыяналістычнага гімна «Магутны Божа», падтрымліваюцца пратэсты ў Беларусі, прапаведуецца ідэалогія змагарства, адбываецца насаджэнне богаслужэнняў на беларускай мове, здзяйсняюцца супольныя малітвы з каталікамі і пратэстантамі.

Акрамя гэтага, гаворыцца ў заяве, у Гродзенскай епархіі адбываецца выцясненне актыўных прарасійскіх святароў, знішчэнне патрыятычнага кірунку, ігнараванне казацтва.

І ўсё гэта, маўляў, адбываецца з ініцыятывы кіраўніцтва Гродзенскай епархіяй і асабіста архіепіскапа Арцемія.
«А нам што рабіць?», – задаюцца пытаннем падпісанты.

Тэкст заявы падпісаны кіраўніком брацтва св.Уладзіміра Андрэем Лабаноўскім і размешчаны на сайце Рускай народнай лініі.

Алесь ЗАВІНОЎСКІ