Як стала вядома праекту «Права на Абарону», яшчэ два адвакаты, якія ўдзельнічаюць у палітычных матываваных працэсах, выкліканыя ў Кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі для праходжання пазачарговай пераатэстацыі 1 снежня 2022 года. Прадстаўленне аб правядзенні пераатэстацыі ўнесена Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў. Размова ідзе пра адвакатаў Уладзіміра Пыльчанку і Віктара Мацкевіча.
Уладзімір Пыльчанка з'яўляецца адвакатам Марыі Калеснікавай, Эдуарда Бабарыка, Ірыны Слаўнікавай, Кацярыны Бахвалавай, Лявона Халвтрана і іншых. Віктар Мацкевіч зʼяўляецца адвакатам Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Акіхіра Гаеўскага-Ханада, Яўгена Юшкевіча, Віктара Бабарыка, Алеся Бяляцкага.
З пачатку 2020 года па верасень 2022 года не менш як 38 адвакатаў пазбаўлены свайго статусу ў выніку працэдуры чарговай або пазачарговай атэстацыі.
«Права на Абарону» падкрэслівае, што прасочваецца выразная тэндэнцыя, што не праходзяць атэстацыю менавіта тыя адвакаты, якія абаранялі пратэстоўцаў пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, грамадскіх дзеячаў і актывістаў, палітычных апанентаў, журналістаў, гэта значыць адвакаты, якія працавалі па рэзанансных і палітычна матываваных справах, а таксама адвакаты, якія падпісвалі петыцыі супраць гвалту і за правядзенне новых выбараў, у абарону сваіх калег. Некаторым з іх пры атэстацыі нагадвалі аб падпісанні імі петыцый як аб «няправільнай пазіцыі». Атэстацыя адвакатаў фактычна выкарыстоўваецца як санкцыя, як інструмент рэпрэсій і як форма пераследу за іншадумства.
ав/Права на Абарону