Мінск зноў можа стаць цэнтрам для дасягнення міру ва Украіне, і рухі ў гэтым напрамку «ёсць на нізкім або высокім узроўні». Аб гэтым апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч заявіў у эфіры тэлеканалу СТВ, піша Свабода, са спасылкай на BPN.
«Я буду вельмі ўсцешаны, калі будуць працягвацца мірныя перамовы. І тут, як гэта да гэтага часу было, і калі Ватыкан можа садзейнічаць гэтаму. Таму што Ватыкан будзе прадстаўляць усе намаганні: і сваю тэрыторыю, і розныя пляцоўкі, каб гэта сапраўды ажыццявіць», – сказаў Ёзіч.
Ёзіч лічыць, што паміж Ватыканам і Мінскам «становяцца добрыя адносіны».
«Ватыкан працягвае развіваць гэтыя адносіны праз розныя праекты. З іншага боку, мы таксама сустракаем станоўчыя адказы на розныя пытанні. Вядома, гэтыя пытанні ідуць на розных узроўнях. На міжнародным – найперш на двухбаковым; і мясцовым – царкоўным узроўні. Як прадстаўнік Ватыкану я магу сказаць, што да гэтага часу я заўсёды знаходзіў адкрытае сэрца, дапамогу, падтрымку і ўзаемаразуменне ва ўсіх сферах», – заявіў дыпламат.
11 лістапада на ўрачыстым прыёме да 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Мінскам і Ватыканам Антэ Ёзіч заявіў, што Святы пасад гатовы дапамагаць Беларусі ўмацоўваць сферу чалавечага вымярэння.
яс