Беларуская Служба

Ціханоўская просіць Швейцарыю арганізаваць перамовы па вызваленні палітвязняў

19.01.2023 10:05
Лідар беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Нацыянальнай рады Швейцарыі Марцін Кандзінас Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Лідар беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская звярнулася да Швейцарыі з просьбай аб садзейнічанні ў вызваленні беларускіх палітвязняў. Пра гэта яна казала 18 студзеня на сустрэчы з прэзідэнтам Нацыянальнай рады Швейцарыі Марцінам Кандзінасам у Давосе, паведамляе прэс-служба Офісу Святланы Ціханоўскай.

На сустрэчы Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі і папрасіла дапамагчы арганізаваць дыялог па іх вызваленні пры пасярэдніцтве Швейцарыі.

Акрамя таго, Святлана Ціханоўская папрасіла Кандзінаса разгледзець магчымасць выдзялення Швейцарыяй дапамогі рэпрэсаваным, а таксама далучэння да санкцый супраць сілавікоў і суддзяў, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях і падтрымліваюць вайну.

Варта нагадаць, што пры пасярэдніцтве Швейцарыі ў лютым мінулага года ўжо была вызвалена палітзняволеная Наталля Хершэ, якая мае як беларускі, так і швейцарскі пашпарты. Гэтаму папярэднічалі накіраванне амбасадара Крысцін Хонегер-Залатухін у Беларусь і ўручэнне Аляксандру Лукашэнку даверчых грамат.

Прэзідэнт Швейцарыі Іньяцыо Касіс тады заявіў, што рады поспеху дыпламатычных намаганняў па вызваленні Хершэ, і паабяцаў прыняць меры для выхаду ўсіх астатніх палітвязняў у Беларусі на волю.

вх