Як даведаўся тэлеканал «Белсат», кіраўніцу Саюзу палякаў Анжэліку Борыс разам з маці выклікалі ў Мінск. Там ёй уручылі дакумент аб спыненні справы «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства». Таксама ёй паабяцалі вярнуць усе рэчы, вынятыя падчас следства.
Анжэліку Борыс вызвалілі з-пад варты ў леташнім сакавіку. Супрацоўнікі спецслужбаў папросту адвезлі яе ў вёску Грабяні Гарадзенскай вобласці, дзе ёй загадалі заставацца пад хатнім арыштам у доме ейнай маці.
У пасланні да беларускага народа 31 сакавіка Лукашэнка згадаў Анжэліку Борыс. Паводле яго слоў, пасля вызвалення яна вырашыла застацца ў Беларусі, жыве звычайным жыццём, бесперашкодна выязджае ў іншыя дзяржавы, але мяняць месца жыхарства не збіраецца.
Анжэліка Борыс і Андрэй Пачобут былі затрыманыя ўвесну 2021 года. Разам з імі былі арыштаваныя Ірына Бярнацкая і Марыя Цішкоўская з Саюзу палякаў, а таксама Ганна Панішава, актывістка польскай меншасці з Берасця. Пазней яны былі прымусова вывезеныя ў Польшчу.
Нагадаем, Польшча не пакідае спробаў вызваліць Пачобута. «Калі Анжрэй Пачобут заўтра будзе вызвалены, паслязаўтра будзе адкрыты праход у Баброўніках», – заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі.
эж