Беларуская Служба

Эксперт BEROC: За апошнія два гады ў ЕС пераехалі ад 143,6 да 171,9 тысяч беларусаў

10.05.2023 11:22
Насельніцтва Беларусі будзе скарачацца і старэць паскоранымі тэмпамі.
Zdj. ilustracyjne
Zdj. ilustracyjneShutterstock/FotoDuets

«Паводле афіцыйнай статыстыкі, з Беларусі за 2021 і 2022 год эмігравалі 11320 чалавек», – піша Анастасія Лузгіна ў калонцы на «Беларусь. Экспертыза». – Аднак звесткі іншых краін паказваюць іншую карціну. Толькі ў Польшчы за гэты ж перыяд амаль 45 тысяч беларусаў атрымалі дакументы, якія даюць права пастаяннага знаходжання».

Колькі ж насамрэч людзей пераехала за апошнія два гады ў краіны Еўрааюзу?

Разлікі экспертаў BEROC паказваюць, што для сталага пражывання ў ЕС пераехалі ад 143,6 да 171,9 тысяч беларусаў. Прычым асноўная частка з іх выбрала Польшчу і Літву.

Разлікі экспертаў BEROC паказваюць, што для сталага пражывання ў ЕС пераехалі ад 143,6 да 171,9 тысяч беларусаў. Большасць выбрала Польшчу і Літву.

Калі ўлічваць колькасць выдадзеных відаў на жыхарства, заяўкі на атрыманне дакументаў для пастаяннага знаходжання, а таксама даныя аб плацельшчыках сацыяльных узносаў, то ў Польшчы толькі за 2021-2022 гады маглі застацца ад 96,7 да 111,7 тысяч грамадзян Беларусі. У асноўным гэта былі людзі ва ўзросце 20-39 гадоў. Таксама ў апошнія гады ўзрасла доля маладых людзей да 19 гадоў пры паралельным скарачэнні беларускіх мігрантаў у Польшчы ва ўзросце 60 гадоў і старэйшых.

Гэта сведчыць аб тым, што ў Польшчу ехалі ў асноўным людзі працаздольнага ўзросту, студэнты, а таксама сем'і з дзецьмі. Гэта значыць, што Беларусь губляла з-за міграцыі не толькі працаздольную частку грамадства, але і пазбаўлялася часткі маладых людзей, якія ў будучыні будуць ствараць семʼі і выходзіць на рынак працы, але ўжо ў іншай краіне. Пры гэтым пажылыя людзі заставаліся ў Беларусі.

Феномен Польшчы, як найбольш прывабнай для беларусаў еўрапейскай краіны, абумоўлены некалькімі фактарамі:

Па-першае, беларусаў і палякаў абʼядноўвае агульная гісторыя і культурныя каштоўнасці.

Па-другое, для беларусаў не складана адаптавацца да польскай мовы, якая шмат у чым падобная да беларускай.

Па-трэцяе, у Польшчы дзейнічаюць спрыяльныя ўмовы для легалізацыі. У прыватнасці, у 2008 годзе была запушчана праграма «Карта паляка», а ў 2020 годзе Польшча стала выдаваць нацыянальныя візы Poland Business Harbor для IT-спецыялістаў, якія ў спрошчаным парадку дазвалялі замежнікам атрымліваць доступ да рынку працы і афармляць часовы від на жыхарства.

Па-чацвёртае, польскія ўлады сфарміравалі ўмовы, якія дазваляюць легалізавацца тым беларусам, якія беглі з Украіны з-за вайны, а таксама з роднай краіны з-за рэпрэсій. З 9 ліпеня 2022 года Польшча стала выдаваць гуманітарныя віды на жыхарства, а з 1 студзеня 2023 года – праязныя дакументы, якія могуць замяніць беларускі пашпарт у выпадку яго адсутнасці. А з 1 чэрвеня 2023 года працэдура афармлення праязнога дакументу стане прасцейшай, і яго атрыманне будзе бясплатным.

Да чаго прывядзе рэкордная міграцыя

Міграцыю з Беларусі за апошнія два гады можна назваць рэкорднай. Толькі за кошт адʼезду ў дзяржавы Еўразвяза краіна страціла ад 1,5% да 1,9% насельніцтва. А яшчэ была міграцыя ў Расію, Грузію і іншыя краіны. І гэты працэс працягваецца да гэтага часу, хоць, магчыма, і больш памяркоўнымі тэмпамі. Але нават калі ўявіць, што штогод за кошт міграцыі і натуральнага змяншэння Беларусь будзе страчваць 1 працэнт насельніцтва, то за 10 гадоў колькасць грамадзян краіны скароціцца яшчэ на 10 працэнтаў і складзе каля 8200-8300 тыс. чалавек. А гэта ненашмат вышэй за ўзровень 1959 года.

Тут таксама трэба ўлічваць, што зʼязджае і будзе зʼязджаць у асноўным эканамічна актыўная частка беларусаў. Зыходзячы з эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне, наўрад ці варта чакаць актыўнага росту нараджальнасці або прытоку мігрантаў з іншых дзяржаў для папаўнення дэфіцыту працоўных рэсурсаў у бліжэйшай будучыні.

Можна чакаць, што ў выніку насельніцтва Беларусі будзе скарачацца і старэць паскоранымі тэмпамі. Гэта, у сваю чаргу, будзе ўзмацняць праблемы ў эканоміцы і абмяжоўваць магчымасці эканамічнага развіцця ў будучым.

вх