«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае свае шчырыя спачуванні родным і блізкім Алеся Пушкіна, выбітнага беларускага мастака, актывіста і палітычнага зняволенага, які пры абставінах, на дадзены момант не высветленых, памёр у лукашэнкаўскай турме», – чытаем у заяве Рады БНР.
«Алесь Пушкін быў арганізатарам першай за дзесяцігоддзі публічнай акцыі ў гонар 25 сакавіка: у 1989 годзе ён выйшаў на праспект у Менску з адзіночным пікетам, быў затрыманы савецкай міліцыяй і асуджаны. Пушкін – аўтар дзясяткаў палотнаў, прысвечаных гераічнаму мінуламу беларускага народа. У 2018 годзе ён быў узнагароджаны Радай БНР Медалём да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Прамую адказнасць за гэтую заўчасную трагічную смерць нясе аўтарытарны рэжым, які пануе ў Беларусі, а таксама персанальна былы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, які ў 1995-1996 гг. здзейсніў дзяржаўны пераварот і незаконна ўзурпаваў найвышэйшую дзяржаўную ўладу ў краіне.
Персанальна Аляксандр Лукашэнка нясе адказнасць за палітычны тэрор, цэнзуру, гвалт супраць іншадумцаў і забойствы сваіх крытыкаў і апанентаў, якія адбыліся за гэтыя амаль трыццаць гадоў.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама поўнай юрыдычнай рэабілітацыі ўсіх беларускіх палітычных вязняў. Асобы, якія нясуць адказнасць за незаконнае ўвязненне беларускіх палітыкаў, актывістаў, журналістаў, інтэлектуалаў і проста неабыякавых грамадзянаў, маюць панесці пакаранне па ўсёй строгасці закону.
Гэта тычыцца як палітычных замоўцаў, уключна з вышэйшым кіраўніцтвам аўтарытарнага рэжыму ў Менску, так і выканаўцаў: суддзяў, прапагандыстаў, супрацоўнікаў турмаў і сілавых структураў.
Як гэта рабілі савецкія акупанты ў найбольш змрочныя часы СССР, рэжым Аляксандра Лукашэнкі займаецца мэтанакіраваным знішчэннем беларускай культурніцкай эліты. Спыненне гэтага любымі магчымымі спосабамі з'яўляецца неабходным дзеля выжывання беларускага народу.
Імя Алеся Пушкіна застанецца ў гісторыі ў адным шэрагу з імёнамі найлепшых сыноў і дачок Беларусі», – напісалі ў сваёй заяве члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
аз