Беларуская Служба

Кіраўнік беларускага Чырвонага Крыжа пацьвердзіў удзел арганізацыі ў вывазе дзяцей з Украіны

19.07.2023 15:33
Падчас паездак на адпачынак у Беларусь украінскія дзеці зазнаюць уздзеянне праўладнай і прарасійскай прапаганды
Кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў Фота: «Беларусь 1»

Кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны, паведамляе «Зеркало».

«Мяне да глыбіні душы абурыў той факт, калі абвінавацілі Беларусь у тым, што мы выкрадаем дзяцей, якія прыязджаюць да нас на аздараўленне. І шчыра кажучы, справа ў тым, што і беларускі Чырвоны Крыж прымаў у гэтым – і прымае, і будзе прымаць – актыўны ўдзел», – заявіў Дзьмітрый Шаўцоў.

Падчас паездак на адпачынак у Беларусь украінскія дзеці зазнаюць уздзеянне праўладнай і прарасійскай прапаганды – нядаўнім прыкладам стаў выступ у летніку «Дубрава» сясцёр Грузьдзевых, якія са сцэны на вачах у дзяцей пажадалі прэзідэнтам Байдэну і Зяленскаму «здохнуць», а Пуціну «квітнець».

эж