Лідарка беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з віншавальнай прамовай з нагоды Дня незалежнасці.
«Прайшло ўжо паўтара года ад поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Увесь гэты час вы бароніце сваю незалежнасць са зброяй у руках і агнём у сэрцы. Мы схіляем галовы перад вашай мужнасцю і стойкасцю.
Вашая барацьба за сваю свабоду – натхняе ўвесь свет. Я ганаруся тым, што ў гэтай барацьбе дапамагаюць беларусы», – сказала Святлана Ціханоўская.
Беларуская лідарка выказала гонар за подзвігі, якія здзяйсняюць ваяры палка Каліноўскага і беларускія добраахвотнікі іншых падраздзяленняў, за валанцёраў, якія аднаўляюць украінскія гарады і дасылаюць інфармацыю ў «Беларускі гаюн», за ўсіх вольных беларусаў, якія дапамагаюць украінскай арміі фінансава, набліжаючы яе перамогу.
«Мы адновім добрыя стасункі паміж нашымі народамі, а тыя, хто ўвязаў нашую краіну ў вайну – абавязкова панясуць адказнасць. Дарагія ўкраінцы, зычу вам сустрэць наступны Дзень незалежнасці ў мірнай і свабоднай Украіне. Слава Украіне! Жыве Беларусь!» – зычыла Святлана Ціханоўская.
Дзень незалежнасці – галоўнае дзяржаўнае свята Украіны, якое адзначаецца 24 жніўня. У гэты дзень – 24 жніўня 1991 года – Вярхоўнай Радай быў прыняты Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны.
яс