У рамках кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou тры дэпутаты з Польшчы, Германіі і Нарвегіі сталі «хроснымі» траіх беларускіх палітвязняў, паведамляе сайт libereco.org.
Польская еўрадэпутатка і заснавальніца Польскай гуманітарнай арганізацыі (PAH) Яніна Ахойска стала «хроснай» Анастасіі Ганчарэвіч – маці траіх дзяцей, якая была арыштаваная па дарозе на працу 1 лютага 2022 года і абвінавачаная па артыкуле 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), артыкуле 386 (абраза Лукашэнкі) і артыкуле 361-1 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Суддзя асудзіла яе да 4,5 гадоў турэмнага зняволення.
Намеснік старшыні партыі Альянс 90 / Зялёныя ў нямецкім Бундэстагу Канстанцін фон Нотц трэці раз стаў «хросным», гэтым разам Тамары Каравай, якая была арыштаваная 5 студзеня 2023 года па абвінавачванні ў «паклёпе на Лукашэнку» па артыкуле 367 КК. Нягледзячы на наяўнасць на ўтрыманні непаўналетняга дзіцяці, Тамара павінна адбыць двухгадовы турэмны тэрмін.
Расмус Хансан – намеснік лідара парламенцкай групы экалагічнай партыі Зялёных у нарвежскім парламенце. Вырашыў стаць «хросным» Вікторыі Кульшы, якая за ролю адміністратаркі апазіцыйнага Telegram-канала яна была асуджаная да 2,5 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Падчас свайго турэмнага зняволення яна атрымала яшчэ два прысуды паводле артыкула 411 КК – нібыта за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Цяпер Вікторыі пагражае агулам 4,5 года турэмнага зняволення.
аз