Уся расійска-беларуская мяжа ўяўляе сабой гібрыдную пагрозу, падкрэсліў у Бруселі міністр замежных спраў Латвіі. Артурс Крыш’яніс Карыньш перад сустрэчай міністраў замежных спраў краін НАТА пракаментаваў апошнія дзеянні Расіі на мяжы з Фінляндыяй.
З пачатку гэтага месяца Масква спрасціла ўмовы перасячэння мяжы мігрантамі з Афрыкі і Блізкага Усходу. У адказ Хельсінкі вырашылі закрыць памежныя пераходы з Расіяй.
Кіраўнік латвійскага МЗС нагадаў, што аналагічны міграцыйны ціск на мяжы аказвае беларускі рэжым:
- У Латвіі, Літве і Польшчы мы больш за два гады маем справу з гібрыднай пагрозай з боку Беларусі, дзе беларускія ўлады заахвочваюць грамадзян трэціх краін спрабаваць нелегальна патрапіць у Еўрасаюз. Мы проста бачым, што цяпер гэтая сітуацыя распаўсюджваецца з Фінляндыі і на Эстонію. Выглядае, што гэта сканцэнтраваныя і скаардынаваныя дзеянні, якія праходзяць пры падтрымцы Расіі.
Міністр замежных спраў Латвіі паведаміў, што яго краіна ўжо два гады цесна супрацоўнічае з Польшчай і Літвой у адказ на гібрыдную дзейнасць Расіі і Беларусі з выкарыстаннем мігрантаў. Цяпер гэтае супрацоўніцтва больш шырокае – дыскусіі адбываюцца і на форуме НАТА.
IAR/аз