Генпракуратура накіравала ў Вярхоўны Суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу на заснавальнікаў BYPOL: Андрэя Астаповіча, Аляксандра Азарава, Алега Талерчыка, Уладзіміра Жыгара, Мацвея Купрэйчыка і Ігара Лобана. Іх вінавацяць у »дзеяннях з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», паведамляе «Еўрарадыё».
Таксама іх вінавацяць у «прапагандысцкай працы сярод пратэснай часткі насельніцтва» і ў ціску на чыноўнікаў і сілавікоў праз абнародаванне ў інтэрнэце асабістых звестак. У справе фігуруюць таксама план «Перамога», стварэнне Аб'яднанага пераходнага кабінета і «Паспалітага рушэння».
Персанальна Аляксандра Азарава вінавацяць у арганізацыі «акту тэрарызму» на Гомельскім аддзяленні беларускай чыгункі ў 2022 годзе.
Згаданыя экс-сілавікі, якія з палітычных прычынаў пакінулі Беларусь, спярша ўтварылі BYPOL, пасля расколу частка з іх стварыла паралельную структуру BELPOL. Генпракуратура, аднак, абʼяднала іх у межах адной крымінальнай справы.
Па «справe BYPOL» вядзецца спецыяльня вытворчасць. Гэта значыць, што суд над сілавікамі будзе завочны. Гэтаксама завочна іх цяпер узялі пад варту.
«Абраная ў дачыненні да абвінавачаных мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту прыменена абгрунтавана, падстаў для яе змены або адмены няма», – паведамілі ў Генпракуратуры.
аз